Доктар палітычных навук, кіраўнік інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч тлумачыць лёгіку рашэньня міністраў унутраных спраў краінаў Балтыі і Польшчы пакуль не закрываць мяжу зь Беларусьсю, расказвае, пры якіх умовах гэта ўсё ж можа адбыцца, і разважае над тым, ці патрэбныя Лукашэнку ў Беларусі вагнэраўцы.
Сьцісла:
- Міністры адзначылі, што закрыцьцё мяжы можа адбыцца ў любы момант.
- Ужо ня толькі асобныя дзяржавы, але і ўвесь Эўразьвяз маральна быў гатовы да самых рэзкіх крокаў.
- Кітай даволі шмат уклаў у лягістычную сфэру ў Беларусі, і закрыцьцё межаў было б моцным ударам па адносінах Менску з Пэкінам.
- Наяўнасьць вагнэраўцаў дазваляе Лукашэнку прыцягваць да сябе ўвагу, даказваць, што ён самастойны гулец у рэгіёне і можа нешта вырашаць.
— Сёньня, 28 жніўня, у Польшчы сустрэліся кіраўнікі міністэрстваў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы. Яны правялі перамовы пра сытуацыю са знаходжаньнем і дзейнасьцю ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнікі МУС абмеркавалі пытаньне закрыцьця межаў і паведамілі, што закрыюць мяжу зь Беларусьсю ў выпадку «крытычнага інцыдэнту». Пакуль, аднак, такое рашэньне не было прынята, што выглядае дастаткова прадказальным.
— Сапраўды, чакалася, што самыя радыкальныя крокі ня будуць прынятыя. Бо за апошнія тыдні адбылася пэўная дээскаляцыя — прынамсі, беларускія ўлады зрабілі некалькі заяваў пра неабходнасьць міру і супрацоўніцтва з суседзямі. Мне падаецца, што літоўскі, польскі і латвійскі бакі зразумелі, што гэта пытаньне вельмі сур’ёзнае для афіцыйнага Менску. У такой атмасфэры прымаць самыя радыкальныя крокі ня мела сэнсу.
Міністры разам з тым адзначылі, што закрыцьцё мяжы можа адбыцца ў любы момант. Яна разумеюць, што гэта даволі надзвычайны крок, і проста так яго выкарыстоўваць няма жаданьня і неабходнасьці.
— Але пры якіх умовах закрыцьцё мяжы можа ўсё ж адбыцца?
— Пытаньне канфлікту з афіцыйным Менскам мае доўгую гісторыю, тут ёсьць шмат пластоў. Гэта і палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, і, што асабліва важна для Варшавы, — рэпрэсіі супраць польскай меншыні, справа Пачобута. Гэта і міграцыйны крызіс, гэта і самая апошняя эскаляцыя, зьвязаная са зьяўленьнем вагнэраўцаў у Беларусі. Таму пытаньне закрыцьця межаў даволі даўно абмяркоўвалася ў той ці іншай ступені.
Але зьяўленьне вагнэраўцаў у Беларусі стала ў пэўным сэнсе апошняй кропляй, калі ўжо ня толькі асобныя дзяржавы, але і ўвесь Эўразьвяз маральна быў гатовы да самых рэзкіх крокаў. Тым часам падзеі апошніх дзён і тыдняў, сьмерць Прыгожына самі сабой зьнізілі напружанасьць вакол гэтай тэмы. Частка наймітаў ужо пакінула Беларусь, і, магчыма, хутка і большасьць з гэтай групы не застанецца ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман — пра частковае закрыцьцё мяжы, лёс «Вагнэра» ў Беларусі і заяву Зяленскага аб вызваленьні Беларусі— Вы сказалі, што адбылася пэўная дээскаляцыя сытуацыі з боку афіцыйнага Менску. Але хіба ўлады Беларусі зрабілі нейкія рэальныя крокі? Напрыклад, маніторынг сытуацыі зь мігрантамі паказвае, што колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу асабліва не мяняецца — прынамсі, дакладна ня зьменшылася за апошнія тыдні.
— У дадзеным выпадку, каб не рабіць радыкальных крокаў, дастаткова было пэўных выказваньняў з боку Лукашэнкі, якія паказалі, што далейшай эскаляцыі Менск не жадае. Да таго ж падзеі вакол вагнэраўцаў аб’ектыўна зьменшылі напружанасьць вакол іх. Так, мы ня можам канстатаваць, што Менск зрабіў нейкія канкрэтныя крокі, але выказваньні беларускіх уладаў паказалі, што Эўропе ўдалося знайсьці пэўныя рычагі, каб Менск захацеў выказваць жаданьне не падвышаць градус.
Значыць, магчымасьць захоўваць транзыт празь мяжу для Менску вельмі важная, каб працягваць забясьпечваць лягістычныя паслугі саюзным краінам — Кітаю, дзяржавам Цэнтральнай Азіі. Кітай даволі шмат уклаў у лягістычную сфэру ў Беларусі, і закрыцьцё межаў было б моцным ударам па адносінах з Кітаем.
— Ці можна сказаць, што ўлады Літвы, Латвіі і Польшчы ў сваіх рашэньнях улічваюць меркаваньне беларускай дэмакратычнай супольнасьці, у прыватнасьці, пазыцыю офісу Сьвятланы Ціханоўскай?
— Я думаю, улічваюць. Ня варта перабольшваць гэты ўплыў, але гэты голас так ці іначай быў сярод тых чыньнікаў, якія вызначылі рашэньне. Было відавочна, што такі крок будзе вельмі непапулярны і для многіх беларусаў, якія жывуць у Беларусі, і для тых, якія жывуць за межамі Беларусі, але захоўваюць сувязі з радзімай. Пазыцыя дэмакратычных сілаў, безумоўна, бралася пад увагу — але, натуральна, гэта не вызначальны чыньнік.
— Пасьля сьмерці кіраўніка вагнэраўцаў Прыгожына ці працягнуць палітыкі Польшчы і Літвы (часам з унутрыпалітычных прычынаў) палохаць вагнэраўцамі, ці цяпер гэта ўжо ня можа гучаць настолькі ж пераканаўча?
— Мяркую, гэтая тэма будзе і далей выкарыстоўвацца. Незалежна ад таго, ці застанецца сама група Вагнэра ў Беларусі, ці яна цалкам зьнікне — магчымасьць самых розных правакацыяў з тэрыторыі Беларусі будзе заставацца ў наратыве польскіх і літоўскіх палітыкаў яшчэ даволі доўгі час. Пытаньне ж ня толькі ў тым, што гэтая група ўжо не існуе, а ў тым, што ў любы момант можна любую такую групу зноў прывезьці ў Беларусь. І, адпаведна, на такую пагрозу трэба рэагаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча, Літва, Латвія і Эстонія патрабуюць ад Беларусі вывесьці «Вагнэр» і спыніць мігранцкі крызіс
— А самому Лукашэнку ці патрэбныя вагнэраўцы ў Беларусі? Зразумела, што, нягледзячы на пэўную эскаляцыю, да палітыкі добрасуседзтва вельмі далёка. Таму чаго больш, плюсаў ці мінусаў, для Лукашэнкі ад знаходжаньня вагнэраўцаў у Беларусі?
— Так, гэта пытаньне вельмі неадназначнае. З аднаго боку, наяўнасьць вагнэраўцаў дазваляе Лукашэнку прыцягваць да сябе ўвагу, і гэта яму вельмі важна. Гэта дазваляе даказваць, што ён самастойны гулец у рэгіёне, можа нешта вырашаць. І можна назіраць, што некаторыя заходнія экспэрты і аналітыкі якраз і камэнтуюць сытуацыю ў такім рэчышчы, заяўляючы пра пэўную самастойнасьць Лукашэнкі.
Плюс, вядома, можна працягваць аказваць ціск на суседнія краіны ў выпадку новага абвастрэньня сытуацыі. І мы бачым, што гэта працуе — і грамадзкасьць, і палітыкі суседніх краінаў даволі актыўна на гэта рэагуюць.
Зь іншага гледзішча, калі гаварыць пра ўласна вайсковы бок, то наяўнасьць вялікай колькасьці ўзброеных людзей зь незразумелым падпарадкаваньнем стварае пэўную рызыку і дыскамфорт. Да таго ж незразумелы фінансавы чыньнік: хто будзе фінансаваць вагнэраўцаў? Калі яны застануцца ў Беларусі надоўга, то гэта можа легчы пэўным цяжарам на беларускі бюджэт.
Да таго ж і ў саміх вагнэраўцаў, як гэта выглядае ў мэдыя, няма вялікага жаданьня доўга знаходзіцца ў Беларусі, ім няма тут чым заняцца, на самой справе, няма чым зарабляць. Той намётавы гарадок, які быў створаны, не разьлічаны на доўгае знаходжаньне, асабліва ў халодны пэрыяд. Значыць, трэба думаць пра стварэньне інфраструктуры — а хто будзе за гэта плаціць?
Так што, калі ўспрымаць вагнэраўцаў як інфармацыйна-псыхалягічны брэнд, то ён можа быць карысны для Лукашэнкі, і ён можа яго захаваць. Але як канкрэтная вайсковая сіла, канкрэтныя людзі — то гэта хутчэй не патрэбна Лукашэнку, бо стварае пэўныя рызыкі і вымагае новых матэрыяльных выдаткаў. Стварае больш праблемаў, чым прыносіць рэальных бонусаў для афіцыйнага Менску.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.