У АДКБ расказалі, як плянавалі вайсковыя вучэньні ў Беларусі, колькі ўдзельнікаў і назіральнікаў на іх запрасілі

Начальнік аб’яднанага штабу АДКБ Анатоль Сідараў. Архіўнае фота

З 25 жніўня на беларускую тэрыторыю прыбываюць вайсковыя падразьдзелы краін Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) для ўдзелу ў апэратыўна-стратэгічных вучэньнях «Баявое братэрства – 2023».

У Беларусь на комплексныя вайсковыя вучэньні Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якія адбудуцца 1–6 верасьня пры ўдзеле 2,5 тысячы вайскоўцаў і 500 адзінак вайсковай тэхнікі, запрасілі назіральнікаў з Кітаю, Ірану, Саўдаўскай Аравіі і Манголіі.

Начальнік аб’яднанага штабу АДКБ Анатоль Сідараў, які, як паведаміла БелТА, правёў брыфінг у Маскве, таксама сказаў, што правядзеньне супольнай падрыхтоўкі сіл і сродкаў войскаў краін АДКБ грунтуецца на «вучэбнай ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўцы».

«У аснову абстаноўкі ляглі магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў у рэгіёнах калектыўнай бясьпекі АДКБ, якія ўлічваюць сучасныя выклікі і пагрозы», — працытавала агенцтва Анатоля Сідарава.

Сярод выклікаў і пагроз ён назваў, у тым ліку, «стварэньне ўмоў для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы дзяржаў АДКБ, імкненьне недружалюбных дзяржаў дабівацца сваіх мэтаў любымі сродкамі — эканамічным, палітычным і санкцыйным ціскам пра падтрымцы сродкаў масавай інфармацыі супраць АДКБ і да ўзброенага супрацьстаяньня».

«Пры гэтым прычынамі пачатку канфліктаў становяцца як тэрытарыяльныя прэтэнзіі, так і гістарычныя міжнацыянальныя, рэлігійныя і эканамічныя супярэчнасьці», — адзначыў Анатоль Сідараў.

Раней Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што з 25 жніўня на беларускую тэрыторыю будуць прыбываць вайсковыя падразьдзелы краін Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) для ўдзелу ў апэратыўна-стратэгічных вучэньнях «Баявое братэрства – 2023», якія адбудуцца 1–6 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь пачынаюць прыбываць вайсковыя падразьдзелы краін АДКБ для вучэньняў «Баявое братэрства-2023»

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — вайскова-палітычны блёк.

У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ля Беларускай АЭС заплянавалі вучэньні АДКБ у ядзернай бясьпецы