У Літве ацэньваюць магчымасьць закрыцьця дадатковых пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю, паведаміла журналістам 25 жніўня міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.
«Калі ўлічыць праблему кантрабанды, тое, што сёньня на мяжы зь Беларусьсю павінны знаходзіцца супрацоўнікі... Мы сапраўды абмяркоўваем пэўныя варыянты, канкрэтна для вырашэньня гэтых праблем», — цытуе міністарку Delfi.
Што тычыцца пагрозаў бясьпецы Літвы, паводле міністаркі, «такой інфармацыі на гэты момант няма», але Літва «гатовая да адпаведных сцэнароў».
Білатайце падкрэсьліла важнасьць наяўнасьці агульнага для Літвы і суседніх краін ЭЗ пляну па гарантаваньні бясьпекі межаў і выпрацоўцы агульнага адказу на магчымыя пагрозы або правакацыі зь беларускага боку мяжы. Гэтае пытаньне, нагадала яна, абмяркуюць 28 жніўня ў Варшаве на сустрэчы кіраўнікоў МУС Польшчы і краінаў Балтыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Актуальнасьць закрыцьця мяжы застаецца». Міністар абароны Літвы ацаніў уплыў гібелі Прыгожына на пагрозы зь Беларусі- Тыдзень таму Літва закрыла два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Сярод прычын закрыцьця, апроч імавернай пагрозы вагнэраўцаў і плыні нелегальных мігрантаў зь Беларусі, таксама казалі пра тое, што закрытыя пераходы «Шумск» і «Цьверач» былі слабей абсталяваныя тэхнічна, таму праз іх маглі ісьці кантрабандныя тавары.
- Днямі ў Літву перахапілі буйную партыю з амаль мільёна пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт. 6 жніўня літоўскія мытнікі затрымалі груз з 891 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт (коштам каля 3,5 млн эўра), 29 ліпеня партыю ў мільён пачкаў цыгарэт (коштам больш за 4 мільёны эўра), 30 чэрвеня — 850 тысяч пачкаў нелегальных цыгарэт.
- За першае паўгодзьдзе літоўская мытня затрымала амаль 6,5 млн пачкаў беларускіх цыгарэт і 32 тон тытуню. Агульны кошт кантрабанды перавышае 26 млн эўра. Паводле Крымінальнай мытнай службы Літвы, 82% цыгарэт, якія з пачатку 2023 году трапілі ў Літву кантрабандным шляхам, выраблена ў Беларусі.