Як стала вядома ад родных, палітзьняволены Уладзімер Гундар не выходзіць на сувязь зь сям’ёй з 3 жніўня. У гэты дзень ён патэлефанаваў жонцы, яны паразмаўлялі і з той пары нічога няма: ні лістоў, ні званкоў, паведамляе «Вясна».
Маўчаньне вельмі непакоіць блізкіх, бо да 3 жніўня лісты прыходзілі рэгулярна праз 2 дні. Званок у калёнію нічога не праясьніў — там адказалі, што нічога ня могуць сказаць пра тое, дзе Ўладзімер.
Родныя мяркуюць, што мужчыну маглі адправіць у ШЫЗА. Вядома, што дасланая палітвязьню 7 жніўня бандэроль вярнулася назад родным празь 10 дзён.
Уладзімер Гундар — фігурант так званай «справы аб тэрарызьме», у якой таксама асудзілі прадпрымальніка і праваабаронцу з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча. Як і Аўтуховіч, Гундар не прызнаў віны. Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Ўладзімера Гундара палітвязьнем.
Мужчына мае інваліднасьць праз адсутнасьць адной нагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Уладзімер Гундар паведаміў сваякам пра пагрозы з боку іншых зьняволеных