Жаночая зборная Гішпаніі адмовілася выступаць да адстаўкі прэзыдэнта гішпанскай фэдэрацыі футбола — ён пацалаваў адну з футбалістак

Люіс Рубіялес

Дзясяткі футбалістак нацыянальнага зборнай Гішпаніі адмовіліся ад працягу выступаў за каманду датуль, пакуль прэзыдэнта футбольнай фэдэрацыі краіны Люіса Рубіялеса не адправяць у адстаўку.

Прычынай стала тое, што ён схапіў за галаву і пацалаваў у вусны капітанку каманды-пераможцы чэмпіянату сьвету Джэніфэр Эрмоса на афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджаньня.

У сумеснай заяве, апублікаванай праз прафсаюз прафэсійных футбалістаў, усе 23 футбалісткі нацыянальнай зборнай, уключаючы Эрмоса, а таксама 32 іншыя супрацоўнікі жаночай нацыянальнай зборнай у футболе выказалі асуджэньне дзеяньняў старшыні фэдэрацыі і запатрабавалі яго неадкладнай адстаўкі з пасады кіраўніка гішпанскай Каралеўскай фэдэрацыі футболу.

Як паведамляе Reuters, раней Рубялес заявіў пра адмову пакінуць пасаду кіраўніка фэдэрацыі, што выклікала выбух гневу сярод гульцоў каманды і міністраў ураду, якія назвалі яго ўчынак непрымальным.

Гішпанія дасягнула фэнамэнальных посьпехаў у жаночым футболе за апошнія два гады, адзначалі міжнародныя СМІ. Гішпанскія футбалісткі — чэмпіёнкі сьвету сярод дзяўчат да 17 гадоў, чэмпіёнкі сьвету сярод дзяўчат да 20 гадоў, чэмпіёнкі сьвету сярод жанчын старэйшага ўзросту.

Дзявяты чэмпіянат сьвету ў футболе сярод жанчын сумесна прынялі Аўстралія і Новая Зэляндыя, ён прайшоў з 20 ліпеня па 20 жніўня 2023 году.