Расейскія ўлады заяўляюць пра чарговую атаку дронаў на Маскву і Белгарадзкую вобласьць

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Каля 3-яй гадзіны ночы Маскву спрабаваў атакаваць чарговы бесьпілётнік, паведамілі мэр сталіцы Сяргей Сабянін і Мінабароны Расеі.

Як сьцьвярджаюць у Мінабароны, яго зьбілі сродкамі СПА над Істрынскім раёнам Падмаскоўя, пацярпелых і разбурэньняў няма.

Маскоўскія аэрапорты зноў зачынялі на вылет і прыём самалётаў. Больш за дваццаць рэйсаў затрымалі, восем адмянілі.

Таксама Мінабароны Расеі заявіла, што каля 9-ай гадзіны раніцы дрон спрабаваў атакаваць Белгарадзкую вобласьць, але сродкі СПА нібыта зьнішчылі яго над тэрыторыяй Шабекінскага раёну Белгарадскай вобласьці.

У абодвух выпадках расейскія ўлады абвінавачваюць у атаках украінскія войскі. Украіна як правіла не камэнтуе падобныя паведамленьні.

Апошнім часам, праз 1,5 году пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Масква рэгулярна зазнае напады бесьпілётнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Масквой зьбілі два бесьпілётнікі. Тры аэрапорты зноў былі закрытыя