Некалькі дзён таму ў пункце пропуску «Райгардас» на ўезьдзе ў Літву перахапілі буйную партыю з амаль мільёна пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт.
Кіроўца грузавіку Daf, грамадзянін Беларусі, заявіў, што вязе 11,6 тоны (290 цюкоў) поліэфірнага валакна транзытам у Польшчу празь Літву. Мытнікі вырашылі аўтамабіль і выявілі схаваныя за пакункамі валакна скрыні з цыгарэтамі, паведамляе літоўская мытня. Агулам знайшлі 1934 скрыні (967 тысяч пачкаў) цыгарэт зь беларускай этыкеткай — «Мінск Капітал QS», «Мінск 5 Супэрслімс», NZ Gold, NZ Black, Queen Menthol, Dove Menthol, Fest і іншыя.
Кошт цыгарэт з улікам падаткаў ацанілі ў 3,99 мільёна эўра.
Кіроўцу грузавіка затрымалі на двое сутак, а пасьля адпусьцілі пад заклад у 15 тысяч эўра. У Ковенскім аддзяленьні Мытнай крымінальнай службы пачалі дасудовае расьсьледаваньне па факце кантрабанды.
Як адзначаюць у літоўскай мытні, у апошні час актывізаваліся плыні кантрабанды цыгарэт зь Беларусі. Калі раней кантрабандныя пастаўкі цыгарэт такога памеру (каля мільёна пачкаў) адбываліся некалькі разоў на год, то цяпер такія грузы перахопліваюць штомесяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мытня Літвы: 82% кантрабандных цыгарэт — беларускай вытворчасьці, аб’ём кантрабанды падвоіўся- 6 жніўня літоўскія мытнікі затрымалі груз з 891 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт (коштам каля 3,5 млн эўра), 29 ліпеня партыю ў мільён пачкаў цыгарэт (коштам больш за 4 мільёны эўра), 30 чэрвеня — 850 тысяч пачкаў нелегальных цыгарэт.
- Тыдзень таму Літва закрыла два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Сярод прычын закрыцьця, апроч імавернай пагрозы вагнэраўцаў і плыні нелегальных мігрантаў зь Беларусі, таксама казалі пра тое, што закрытыя пераходы «Шумск» і «Цьверач» былі слабей абсталяваныя тэхнічна, таму праз іх маглі ісьці кантрабандныя тавары.