Сёлета Беларусь плянуе пачаць сэрыйную вытворчасьць ударных беспілётнікаў

Дрон з прымацаванай выбухоўкай. Ілюстрацыйнае фота.

Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт (ДВПК) паведамляе, што сёлета Беларусь плянуе пачаць сэрыйную вытворчасьць ударных дронаў «Баражуючая труба» і «Квадра-1400».

Яны распрацаваныя прадпрыемствам Канструктарскае бюро «Дысплей», інфармуе ДВПК .

Гэтыя ўдарна-выведныя беспілётныя авіяцыйныя комплексы ўпершыню былі прадэманстраваныя на міжнароднай выставе MILEX-2019. А ўвосень летась «Квадра-1400» і «Баражуючая труба» былі прынятыя на ўзбраеньне беларускага войска.

У комплексах выкарыстоўваецца рэактыўная супрацьтанкавая граната РПГ-26. Яе вага складае менш за 3 кг. Боепрыпас калібра 72,5 мм прабівае да 440 мм бранявой сталі.

Паведамляецца, што ў 2023 годзе адбылася мадэрнізацыя вытворчых плошчаў прадпрыемства, набытае новае абсталяваньне.