У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што колькасьць наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» пачала зьмяншацца яшчэ да авіякатастрофы яе ўласьніка Яўгенія Прыгожына.
«Яшчэ да 23 жніўня мы фіксавалі, што колькасьць расейскіх наймітаў у Беларусі зьмяншаецца. Нязначна, няхутка, але паступова колькасьць вагнэраўцаў у Беларусі ўсё ж пайшла на зьніжэньне», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Паводле яго, пасьля крушэньня самалёта Яўгенія Прыгожына гэтая тэндэнцыя захоўваецца.
«Цяпер, пасьля падзей у Расеі, варта ставіцца па-іншаму да далейшага знаходжаньня расейскіх наймітаў у Беларусі», — мяркуе ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: гібель Прыгожына стала сыгналам для Лукашэнкі аб скарачэньні прасторы ў перамовах з КрамлёмАндрэй Дземчанка дадаў, што вагнэраўцы выяжджалі зь Беларусі ў Расею нібы ў адпачынак, але потым не вярталіся.
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны таксама паведаміў, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю кантралюецца. «Мы не фіксавалі нейкіх незразумелых дзеяньняў, якія маглі б адбывацца з таго боку», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.
24 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў часе супольнай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Юнасам Гарам Стэрэ заявіў, што вагнэраўцы пасьля гібелі Яўгенія Прыгожына застаюцца некантраляванай сілай, якая можа несьці пагрозу адразу некалькім краінам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Актуальнасьць закрыцьця мяжы застаецца». Міністар абароны Літвы ацаніў уплыў гібелі Прыгожына на пагрозы зь Беларусі«Я мяркую, што нам нашы воіны паказалі, што гэта [ПВК „Вагнэр“] — такі самы вораг. Напэўна, 20 тысяч, па-мойму, — гэта тое, што засталося ад вагнэраўцаў. 20 тысяч некантраляваных людзей. Тут трэба падумаць, для каго гэтай страшней — для Ўкраіны, для Беларусі, для Польшчы, а, магчыма, для Расеі. Ніхто ня ведае», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Пасьля гібелі Яўгенія Прыгожына стала вядома аб дэмантажы лягеру вагнэраўцаў у вёсцы Цэль, што пад Асіповічамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лягер вагнэраўцаў пад Асіповічамі актыўна дэмантуюць. Спадарожнікавы здымакШто важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.