У Менску ў кінатэатар «Мір» на прэм’еру расейскага прапагандысцкага фільму «Сьведка» аб вайне ва Ўкраіне прыйшлі толькі беларускія прапагандысткі са сваімі сябрамі.
Аб гэтым паведаміла ў сваім тэлеграм-канале горадзенская прарасейская актывістка Вольга Бондарава, якую называюць «галоўнай даносчыцай Беларусі». Яна запатрабавала прыбраць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве, празь яе саджаюць у турмы людзей, яна змагаецца зь беларускай лацінкай. Разам зь ёй на фільм прыйшла і мастачка Сьвятлана Жыгімонт, вядомая тым, што намалявала партрэт Аляксандра Лукашэнкі.
Выданьне «Наша ніва» удакладніла, што дэманстрацыя расейскага фільма будзе праходзіць толькі ў трох гарадах Беларусі — Менску, Гомлі і Талачыне. У Берасьці і Баранавічах пасьля некалькіх паказаў яго зьнялі з пракату. З шырокага пракату фільм таксама зьнялі ў «3D кіно» ў гандлёвым цэнтры «Замак».
Журналісты «Нашай нівы» высьветлілі па онлайн-сэрвісе, што ў менскі кінатэатар «Мір» на 25 і 26 жніўня на паказ расейскага прапагандысцкага фільму ніхто не купляў квіткі, а на 27 жніўня прададзеныя толькі тры месцы.
Расейская прэм’ера фільму «Сьведка» адбылася 17 жніўня. Паводле расейскага выданьня The Insider, у расейскім пракаце стужка «правалілася»: на 22 жніўня агульныя зборы склалі крыху больш за 8,2 мільёна рублёў (крыху больш за 86 тысяч даляраў у эквіваленце) пры 200 мільёнах рублёў, выдзеленых Міністэрствам культуры Расеі на яго здымкі (больш за 2 мільёны даляраў у эквіваленце).
Першапачаткова фільм называўся «Музыкант», але паводле The Insider, пасьля мяцяжу Яўгенія Прыгожына стужку перайменавалі, паколькі вагнэраўцаў часта называюць «музыкантамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Прыгожына ў авіякатастрофеУ фільме расказваецца пра бэльгійскага скрыпача, які прыяжджае ў Кіеў і становіцца сьведкам расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Украінскіх вайскоўцаў у фільме прадставілі ў нэгатыўным вобразе, а ў фінальных цітрах напісалі, што яны вінаватыя ў забойствах цывільных грамадзян у Бучы, абстрэле вакзалу ў Краматорску і зьнішчэньні раддому ў Марыюпалі, якія насамрэч учынілі расейскія вайскоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бучы адкрылі мэмарыял памяці загінулых жыхароў гораду