Аляксандар Лукашэнка заявіў, што папярэджваў кіраўнікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Яўгенія Прыгожына і Дзьмітрыя Уткіна наконт іхнай пэрсанальнай бясьпекі ў часе мяцяжу і пасьля яго.
Пра гарантыі
Але, як паведаміла БелТА, сам Яўгеній Прыгожын не зьвяртаўся да яго па гарантыі бясьпекі.
«Калі наўпрост адказваць на гэтае пытаньне, я і не павінен забясьпечваць бясьпеку Прыгожына. Гэта па-першае. Па-другое, ніколі ў такім ключы размовы не было», — заявіў Лукашэнка.
«Па-трэцяе, запомніце, па бясьпецы мы двойчы да гэтага падыйшлі. Першы раз, калі я яму тэлефанаваў, калі яны маршам ішлі на Маскву. Я яму кажу: «Жэнь, ты разумееш, ты загубіш людзей і сам загінеш?». У запале гэты чалавек, толькі з фронту: «Чорт зь ім, загіну!». Я яму кажу: «Жэнь, я табе зараз вышлю вяроўку і кавалак мыла». — «Не, не, не. Я так не хачу. Я героем загіну». Вось першая размова была. Другі раз, калі ён прыяжджаў да мяне зь Дзімам Уткіным. Я катэгарычна іх абодвух папярэдзіў: «Хлопцы, глядзіце!».
Разам з тым Лукашэнка распавёў, што гарантыі ўсё ж даваліся. Ён адзначыў, што ў час перамоваў зь Яўгеніям Прыгожыным абмяркоўвалася два пытаньні: спыненьне крымінальных справаў адносна вагнэраўцаў і іх вывад у Беларусь. «Гэта я прапанаваў. Кажу: "Калі вы чагосьці баіцеся, я буду размаўляць з прэзыдэнтам Пуціным, мы вас вывядзем у Беларусь. Мы вам гарантуем у Беларусі поўную бясьпеку". І трэба аддаць належнае, Жэня Прыгожын ніколі не прасіў мяне асобна ўдзяліць увагу пытаньням бясьпекі».
Лукашэнка таксама паведаміў, што атрымліваў інфармацыю пра замах на жыцьцё Прыгожына.
«Апошні раз, калі мы ляталі ў Эміраты, да мяне паступіла вельмі сур’ёзная інфармацыя ад крыніц, глыбей за якія не бывае, пра замах на Яўгенія Прыгожына. Цягам дзьвюх гадзін (я даручыў) знайшлі амбасадара Расеі ў Эміратах, выклікалі яго да мяне. Я перадаў яму шыфраграму ў Крэмль Пуціну і Бортнікаву аб падрыхтоўцы замаху на Прыгожына», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, пазьней ён удакладняў у Прыгожына, ці атрымліваў ён гэтую інфармацыю, і той пацьвердзіў, што прэзыдэнт Расеі папярэдзіў яго пра замах, які нібыта рыхтуецца.
Пра вінаватых
Лукашэнка заявіў таксама:
«Я не магу сказаць, хто гэта зрабіў. Я ня стану адвакатам нават у свайго старэйшага брата. Але я ведаю Пуціна. Гэта ашчадны, вельмі спакойны і нават марудлівы чалавек, прымаючы рашэньні па іншых, менш складаных пытаньнях. Таму я не магу ўявіць, што гэта зрабіў Пуцін, што вінаваты Пуцін. Занадта грубая, непрафэсійная праца, калі ўжо на тое пайшло», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здымачкі з космасу»: Лукашэнка адрэагаваў на публікацыі Радыё Свабода пра дэмантаж лягера вагнэраўцаўПра лягер вагнэраўцаў у Беларусі
Лукашэнка паведаміў, што ён яшчэ з Прыгожыным выбудаваў сыстэму, як будзе ў Беларусі разьмяшчацца «Вагнэр».
«І гэтыя здымачкі з космасу, што мы нешта дэмантуем... Чаму мы лішнія намёты прыбіраем — столькі ня трэба. Тут застаецца ядро, хтосьці зьехаў у водпуск, хтосьці наогул вырашыў жыць убаку, але тэлефоны, адрасы, паролі, яўкі ў гэтым ядры вядомыя. Цягам некалькіх дзён усе будуць тут, да 10 тысяч чалавек. Цяпер няма неабходнасьці іх тут трымаць. Таму нікуды яны не бягуць. Столькі, колькі нам трэба і гэтаму падразьдзяленьню, яны будуць у нас жыць і працаваць».
29 ліпеня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што, паводле ўкраінскай выведкі, у Беларусі налічваецца больш за 5 тысяч «вагнэраўцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гібель Прыгожына як шанец для Беларусі? Меркаваньні беларускага і польскага экспэртаўСпроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.