«Няма дакладных доказаў». У выведцы Вялікай Брытаніі не выключаюць, што Прыгожын не загінуў

Яўгеній Прыгожын

«Пакуль няма канчатковых доказаў, што Прыгожын быў на борце, і вядома, што ён выкарыстоўваў выключныя захады бясьпекі».

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што гібель Яўгенія Прыгожына стане моцным фактарам дэстабілізацыі для прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

«Пакуль няма канчатковых доказаў, што Прыгожын быў на борце, і вядома, што ён выкарыстоўваў выключныя захады бясьпекі. Аднак вельмі верагодна, што ён сапраўды загінуў», — паведаміла брытанская выведка.

Паводле вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі, улічваючы асабістыя якасьці Прыгожына (гіпэрактыўнасьць, выключную дзёрзкасьць, імкненьне да выніку і надзвычайную жорсткасьць), наўрад ці знойдзецца які-небудзь наступнік з такой жа здольнасьцю.

«Вакуўм лідэрства „Вагнэра“ ускладніўся паведамленьнямі аб тым, што заснавальнік і палявы камандзір Дзьмітрый Уткін і начальнік тылавога забесьпячэньня Валерый Чакалаў таксама загінулі», — адзначаецца ў паведамленьні вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: гібель Прыгожына стала сыгналам для Лукашэнкі аб скарачэньні прасторы ў перамовах з Крамлём
  • ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
  • Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.
  • 23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандысты Лукашэнкі або ня вераць у сьмерць Прыгожына, або лічаць, што яго забілі замежныя спэцслужбы

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.