Беларуска Крысьціна Ціманоўская, якая цяпер прадстаўляе Польшчу, у паўфінальным забегу паказала час 23,34 сэкунды — гэта 23-ці паказчык сярод 24 паўфіналістак. У фінал выйшлі восем чалавек.
23 жніўня Ціманоўская была пятай у сваім забегу, але яе выніку (22,88 сэкунды) хапіла, каб трапіць у паўфінал. Асабісты рэкорд Крысьціны на 200 мэтраў, устаноўлены сёлета, — 22,75 сэкунды.
Таксама на чэмпіянаце сьвету Ціманоўская брала ўдзел у бегу на 100 мэтраў. З часам 11,32 сэкунды яна заняла агульнае 30-е месца і абмежавалася выступам у папярэднім забегу.
У Будапэшце Ціманоўскую ў складзе зборнай Польшчы яшчэ чакае эстафэта 4×100 мэтраў.
У жніўні 2021 году Крысьціна Ціманоўская падчас Алімпіяды ў Токіё папрасіла міжнароднай абароны, заявіўшы, што яе сілай хацелі вывезьці ў Беларусь. Сёлета яна атрымала польскі пашпарт, а Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі ўхваліла рашэньне пра ўдзел бягухі ў чэмпіянаце сьвету пад польскім сьцягам. Ціманоўская стала першай беларускай спартоўкай, якая дэбютавала на чэмпіянаце сьвету ў складзе іншай нацыянальнай каманды пасьля ўцёкаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крысьціна Ціманоўская ў першым афіцыйным старце за Польшчу на чэмпіянаце сьвету не прабілася ў паўфінал у бегу на 100 мэтраўКрысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь
- 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
- Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
- Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
- Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
- Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
- Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
- 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
- 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
- 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
- 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.