На Беларускі конкурс фэстывалю «Паўночнае зьзяньне» заявілі 59 фільмаў, aмаль палова — гульнявыя

Архіўнае фота. Афіша кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» ў Менску, 2019 год

Арганізатары кінафэстывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае зьзяньне» атрымалі 59 стужак беларускіх кінэматаграфістаў. Пры гэтым амаль палова з дасланых фільмаў — гульнявыя.

«Беларускі кінэматограф вядомы збольшага дакумэнтальнымі фільмамі, але ж сёлета большасьць заявак — гульнявыя! Агулам 28 прац. Акрамя іх, заявілі 18 дакумэнтальных, 10 экспэрымэнтальных і 3 анімацыйныя», — паведамляюць арганізатары ў Фэйсбуку.

Гульнявое кіно — твор, які мае ў аснове сюжэт, увасоблены ў сцэнары і інтэрпрэтаваны рэжысэрам, і ствараецца з дапамогай акторскай гульні, апэратарскага і іншых мастацтваў; супрацьпастаўляецца негульнявому кіно, такому як дакумэнтальнае, навукова-папулярнае і мультыплікацыя.

Паводле арганізатараў, сярод рэжысэраў — 57% мужчын і 43% жанчын, былі заяўкі і ад групы аўтараў.

«Большасьць фільмаў — кароткамэтражныя, да 30 хвілінаў, — паведамляецца ў фэйсбуку фэстывалю. — Такіх заявак выявілася 49. 9 фільмаў — сярэдняга мэтру, ад 30 да 60 хвілінаў. Падалі і адзін поўнамэтражны фільм».

Паводле арганізатараў, назвы фільмаў, якія пройдуць адбор і возьмуць удзел у кінафэстывалі, будуць абвешчаныя ў кастрычніку-лістападзе.

Сёлета Беларускі конкурс можна будзе пабачыць як у онлайн-, так і ў офлайн-рэжыме.


Летась міжнароднае журы кінафэстывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае зьзяньне» назвала пераможцам беларускага конкурсу на гэтым фэстывалі дакумэнтальны фільм Сашы Кулак «Мара».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве стужкі з удзелам беларусак — сярод пераможцаў міжнароднага кінафэстывалю Artdocfest/Riga
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм «Мара» стаў пераможцам беларускага конкурсу «Паўночнага зьзяньня»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускi фiльм «Возера радасьці» з лонг-лiста «Оскара» цяпер можна паглядзець онлайн