Пастар менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка выйшаў на волю пасьля 10 дзён адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы).
Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».
На відэа, апублікаваным пасьля вызваленьня, Ганчарэнка падзякаваў «усім, хто маліўся». «Гасподзь быў са мной, я гэта адчуваў. Усіх люблю, абдымаю. Да сустрэчы», — сказаў пастар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пастара царквы «Новае жыцьцё» Ганчарэнку і ягонага зяця адправілі на «суткі»- Пастара менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Вячаслава Ганчарэнку і ягонага зяця Ільлю Будая затрымалі 14 жніўня пасьля ператрусу ў доме. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», у яго дом 14 жніўня «ўварвалася 20 аўтаматчыкаў» з ГУБАЗіК МУС. Зяця Ганчарэнкі, Ільлю Будая, арыштавалі на 5 дзён паводле артыкула 19.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства).
- 20 чэрвеня стала вядома пра знос будынку царквы. На гэтым месцы нібыта плянуецца пабудаваць школу. Пасьля здарэньня Ганчарэнка накіраваў зварот да ўладаў, у якім назваў знос будынку «фатальнай памылкай», пасьля якой «непазьбежна будуць наступствы».
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пастар Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў. У лютым 2021 году царкву прымусова выселілі з культавага будынку, у які вернікі пераабсталявалі былы кароўнік. У верасьні 2022 году Ганчарэнку затрымалі і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3,2 тысячы рублёў).
- Царква была заснаваная ў 1992 годзе. Улады пачалі яе перасьледаваць на пачатку нулявых гадоў.