Пра гэта Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла журналістам пасьля сустрэчы зь лідэркай беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай, якая пражывае ў Вільні.
«На мой погляд, рашэньне, прынятае Сеймам вясной, было правільным, і я думаю, што Сейм вернецца для непазьбежнага абмеркаваньня, але я спадзяюся, што, абмеркаваўшы і ўзважыўшы ўсе „за“ і „супраць“, мы пакінем дыфэрэнцыяцыі і не зраўнаем абыходжаньне з грамадзянамі Расеі і грамадзянамі Беларусі тут, у Літве», — цытуе сьпікерку парлямэнту выданьне LRT.
Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы са сьпікеркай Сейму Літвы гаварыла пра неабходнасьць «шукаць рашэньні, якія найменш удараць па беларусах». Яна заклікала сьпікерку зраўнаць санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, але захаваць рознае стаўленьне да беларусаў і расейцаў, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
«Цяпер гэты закон выглядае так, што ў адным абзацы там і беларусы, і расейцы. Калі ён будзе прыняты ў такім выглядзе, гэта будзе выгадна толькі прапагандзе. Апошнім часам мы назіраем, што задача гэтай прапаганды — сутыкнуць ілбамі літоўцаў і беларусаў», — адзначыла Ціханоўская.
Таксама яна падкрэсьліла неабходнасьць захаваць пасажырскія зносіны паміж Беларусьсю і Літвой, каб беларусы маглі перасякаць мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейму трэба вярнуцца да пытаньня ўніфікацыі санкцый супраць беларусаў і расейцаў — дарадца прэзыдэнта Літвы- Нядаўна Сейм Літвы пераадолеў вэта прэзыдэнта краіны Гітанаса Наўседы на закон аб абмежаваньнях адносна беларусаў і расейцаў.
- Пасьля перамяшчэньня баевікоў ПВК «Вагнэр» у Беларусь і пагаршэньня сытуацыі зь бясьпекай Наўседа і некаторыя іншыя літоўскія палітыкі заклікалі зноў разгледзець восеньню абмежаваньні для грамадзян Беларусі на ўезд у краіну.
- Калі б яны былі аб’яднаныя з санкцыямі, уведзенымі вясной у дачыненьні да грамадзян Расеі, беларусам было б яшчэ больш складана прыяжджаць у Літву і купляць там нерухомасьць.