Сацыёлягі адзначаюць ва Ўкраіне найвышэйшую падтрымку незалежнасьці і пазытыўнае стаўленьне да распаду СССР

Ілюстрацыйнае фота

Перад Днём незалежнасьці Ўкраіны 24 жніўня сацыялягічнае апытаньне правялі Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» і Цэнтар Разумкова.

Рэспандэнтам прапанавалі адказаць на некалькі пытаньняў, у тым ліку на такія: «На ваш погляд, распад СССР — гэта было добра ці кепска?» і «Калі б рэфэрэндум аб абвяшчэньні дзяржаўнай незалежнасьці Ўкраіны адбываўся цяпер, як бы вы прагаласавалі?».

«Пераважная большасьць украінцаў (69%) лічаць распад СССР пазытыўнай гістарычнай падзеяй. Найбольш такую думку падзяляюць жыхары захаду Ўкраіны (91%). На поўдні такая думка менш распаўсюджаная (42%), але і масавай выяўленай настальгіі па СССР там таксама не назіраецца (23%)», — адзначаецца ў сацыялягічным апытаньні.

Паводле сацыёлягаў, у 2020 годзе колькасьць рэспандэнтаў, якія назвалі распад СССР дрэннай гістарычнай падзеяй, была істотна большай. Цяпер сумуюць па Савецкім Саюзе пераважна прадстаўнікі старэйшага пакаленьня, а таксама людзі зь нізкім матэрыяльным узроўнем забясьпечанасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У большасьці грамадзян Ўкраіны на вайне загінулі або параненыя да 7 сваякоў ці сяброў, — вынікі апытаньня

Абвяшчэньне незалежнасьці ў выпадку правядзеньня такога рэфэрэндуму падтрымалі б 82% апытаных, найбольш на захадзе (94%), па поўдні і ўсходзе — 68% і 70% адпаведна. Супраць — 3% у цэлым па краіне.

Сацыёлягі падкрэсьлілі, што павелічэньне пазытыўных ацэнак у 2022-2023 гадах зьвязана з тым, што поўнамаштабная расейская вайна зьмяніла прызму, празь якую ўкраінцы ацэньваюць стан спраў у дзяржаве.

«Ва ўмовах поўнамаштабнай вайны ўкраінская дзяржава і народ апынуліся перад экзыстэнцыйнай пагрозай. Аднак і дзяржава, і народ праявілі волю да супраціву, і Ўкраіна ўжо паўтара года эфэктыўна супраціўляецца агрэсару. Найбольш верагодна, пазытыўныя ацэнкі пераважваюць менавіта ў сувязі з павелічэньнем у вачах украінцаў каштоўнасьці сваёй дзяржавы, якая раней не сутыкалася з такімі маштабнымі пагрозамі для свайго існаваньня», — перакананыя сацыёлягі.

У апытаньні, якое праводзілася 9–15 жніўня 2023 году мэтадам face-to-face ва ўсіх рэгіёнах Украіны, за выключэньнем часова акупаваных Расеяй тэрыторый, узялі ўдзел 2019 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Тэарэтычная хібнасьць не перавышае 2,3%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 80% расейцаў адмаўляюцца ўдзельнічаць у сацапытаньнях аб вайне