Такім чынам яна пракамэнтавала нядаўнія заявы кіраўніка парлямэнцкага камітэту па нацыянальнай бясьпецы і абароне (КНБА) Лаўрынаса Кашчунаса пра занепакоенасьць праявамі «літвінізму» з боку беларусаў у Літве.
Коўшык падкрэсьліла, што такое стаўленьне літоўскіх палітыкаў «выклікае занепакоенасьць» асабіста ў яе «як дэмакратычнага палітыка, гісторыка і горадзенкі, для якой мае значэньне спадчына Вялікага Княства Літоўскага».
Падобныя заявы, паводле яе слоў, найперш уяўляюць небясьпеку для «дэмакратычна настроеных беларусаў, якія знайшлі прытулак у Літве ці працягваюць жыць у Беларусі».
«І гэта, на жаль, няправільна нацэлены, несымэтрычны адказ. Бо гэта адказ на ролю лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне ва Ўкраіне, разьмяшчэньне ў нашай краіне расейскай ядзернай зброі і некалькіх тысяч наймітаў з ПВК „Вагнэр“ і іншыя дзеяньні [Аляксандра] Лукашэнкі. Дэмакратычна настроеныя беларусы не падзяляюць [думкі пра слушнасьць гэтых дзеяньняў] і змагаюцца супраць гэтага, нягледзячы на рэпрэсіі, якія не канчаюцца ўжо трэці год. Барацьба беларускага народу за свабоду і незалежнасьць сьведчыць аб неабходнасьці разьдзяляць супраціў Беларусі і рэжым Лукашэнкі», — адзначыла прадстаўніца АПК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі дэпутат занепакоены «ліцьвінствам» беларусаў. Гісторык Пашкевіч: Небясьпека для Літвы — ад схаваных агентаў «русского мира»Паводле слоў Коўшык, апошні канфлікт створаны штучна і «справакаваны фэйкамі пра небясьпеку так званага радыкальнага „літвінізму“, канцэпцыя якога зьяўляецца аналягам <...> „русского мира“».
«Дэмакратычныя сілы Беларусі ніколі не выказвалі ніякіх прэтэнзій да тэрытарыяльнай цэласнасьці Літвы, не зьбіраюцца гэта рабіць надалей. Дэмакратычная Беларусь зацікаўленая ў выбудове трывалых, добразычлівых і ўзаемавыгадных адносін са сваімі суседзямі, у тым ліку зь Літвой, дзеля чаго будзе прыкладаць асаблівыя намаганьні», — падкрэсьліла яна.
Коўшык адзначыла, што АПК «гатовы садзейнічаць грамадзкаму дыялёгу паміж беларусамі і літоўцамі на самых розных узроўнях», шчыра вітае «ўсе ініцыятывы грамадзянскай і экспэртнай супольнасьці, незалежных мэдыя, культурніцкіх арганізацый па яго арганізаваньні».
«Варта працягваць абмен інфармацыяй адзін пра аднаго — поўнай, дакладнай, аб’ектыўнай і, што, на мой погляд, вельмі важна, экспэртнай», — дадала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бессэнсоўная, але непазьбежная спрэчка. Чаму настаў час дамовіцца, што ВКЛ — агульная спадчына- 19 жніўня Кашчунас заявіў, што беларускія дэмакратычныя сілы павінны занепакоіцца праявамі «літвінізму» з боку сваіх суайчыньнікаў. Імаверна, ён меў на ўвазе публікацыі ў сацсетках (найчасцей ананімныя), дзе спадчына ВКЛ называецца выключна беларускай, выказваюцца прэтэнзіі Беларусі на частку тэрыторыі цяперашняй Літвы.
- 14 жніўня беларуская лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў звароце да народу Літвы заявіла, што беларусы ня маюць тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў.
- Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай пра тое, што любы публічны канфлікт паміж беларусамі і літоўцамі «вакол тэмы інтэрпрэтацыі гісторыі і спадчыны Вялікага Княства Літоўскага» выгадны найперш «нашаму супольнаму ворагу — дыктатарскай пуцінскай Расеі».