Наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» цяпер на беларускай тэрыторыі 3,5-5 тысяч, «пакуль яны ня робяць нічога канкрэтнага», але «інфармацыя, што яны зьбіраюцца пакінуць Беларусь, не адпавядае рэчаіснасьці», заявіў у эфіры тэлеканала Polsat намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік.
Паводле яго, рашэньне аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю ў Варшаве яшчэ не прынята, але калі заўважаць «нейкія сымптомы з боку Беларусі і агрэсіўныя дзеяньні групы «Вагнэр», то «гэта давядзецца зрабіць».
Намесьнік кіраўніка польскага МУС падкрэсьліў, што адпаведнае рашэньне неабходна прымаць адначасова зь Літвой і Латвіяй, каб «цалкам ізаляваць Беларусь».
Закрыцьцё мяжы, на думку Вонсіка, мацней ударыць па беларускім бізнэсе, бо «Беларусь — гэта фортка для Польшчы, а Польшча — вялікае акно для Беларусі». Пры гэтым «бясьпека важнейшая за ўсё, важнейшая за эканамічныя інтарэсы».
Заявы Аляксандра Лукашэнкі аб намеры Польшчы напасьці на Беларусь разьлічаны на ўнутраную аўдыторыю з мэтай аб’яднаць яе вакол улады, лічыць ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандуючы літоўскім войскам расказаў, ці існуе пагроза з боку БеларусіКамандуючы УС Літвы: Непасрэднай пагрозы з боку Беларусі няма, але расейскія сілы і беларускі рэжым вельмі непрадказальныя
Прамой ваеннай пагрозы з боку Беларусі няма, а літоўскае войска цяпер дзейнічае «адэкватна пагрозе». Такую заяву зрабіў 21 жніўня камандуючы Ўзброенымі сіламі Літвы Вальдэмарас Рупшыс, паведамляе Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачаньне.
«Мы вядзем маніторынг, саюзьнікі вядуць маніторынг, Узброеныя сілы Літвы вядуць маніторынг. Непасрэднай пагрозы няма <...>, але я б сказаў, што і расейскія сілы, якія знаходзяцца зараз у Беларусі, і сам беларускі рэжым вельмі непрадказальныя. Таму <...> мы выбралі свае мэты і задачы так, каб быць гатовымі рэагаваць на любую сытуацыю», — зазначыў галоўнакамандуючы.
Паводле Рупшыса, 25 жніўня на мяжы Літвы заплянаваны вучэньні, падчас якіх памежнікі і вайскоўцы будуць «адпрацоўваць дзеяньні паводле сцэнарыяў, прадугледжаных абноўленым плянам прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы». Разглядаецца пытаньне аб прыцягненьні да манэўраў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Польшчы, Латвіі і Эстоніі.
«Мы, вядома, робім столькі, колькі трэба. Сама ідэя заключаецца ў тым, каб не быць прывязанымі да памежнай зоны, паколькі мяжа вельмі шырокая... У нас ёсьць пляны, як, дзе, калі і з кім мы будзем рэагаваць, але мы не абавязкова павінныя трэніравацца на мяжы», — сказаў галоўнакамандуючы УС Літвы.
На думку прадстаўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны (ГУР МО) Украіны Андрэя Юсава, выказанай ім у эфіры тэлемаратону «Адзіныя навіны» 21 жніўня, актыўнасьць расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» (ПВК) на мяжы Беларусі з Польшчай або краінамі Балтыі не зьяўляецца ваеннай пагрозай, бо «сярод байцоў „Вагнэра“ няма вялікай колькасьці самазабойцаў».
«Уся папярэдняя актыўнасьць на, напрыклад, беларуска-польскай ці на мяжы з краінамі Балтыі з боку вагнэраўцаў — гэта <...> адцягненьне сілаў і сродкаў, увагі, стварэньне пэўнага роду правакацый з мэтай стварэньня дадатковай напругі», — лічыць Юсаў.
«Але гэта не рэальная ваенная пагроза, — заявіў ён. — Вядома, там шмат розных людзей, але самазабойцаў сярод іх, я ня думаю, што вельмі вялікі працэнт. Прынамсі, [кіраўнік ПВК Яўгеній] Прыгожын дакладна да такіх не адносіцца».
Паводле Юсава, базаваньне ПВК «Вагнэр» у Беларусі і іншыя дамоўленасьці ў гэтым пытаньні — хутчэй «пэўны фармальны працэс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада ЗША ў Менску ізноў заклікала сваіх грамадзян неадкладна пакінуць БеларусьАпоўначы 18 жніўня Літва закрыла пункты пропуску Шумск і Цьверач на мяжы зь Беларусьсю. Адпаведнае рашэньне Сейм гэтай балтыйскай дзяржавы прыняў у сувязі з магчымымі пагрозамі з боку наймітаў ПВК «Вагнэр», якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі.
28 жніўня Польшча, Літва і Латвія абмяркуюць тэхнічныя пытаньні сумеснага закрыцьця межаў зь Беларусьсю ў выпадку ўзрастаньня пагрозы.