У Службе рэгуляваньня сувязі Літвы заявілі, што Расея і Беларусь працягваюць трансьляваць свае прапагандысцкія СМІ на літоўскую тэрыторыю.
Як паведаміла літоўскае выданьне LRT, жыхары памежных зь Беларусьсю раёнаў глядзяць беларускія тэлеканалы.
«У майго мужа тэлевізар паказвае беларускія каналы», — сказала выданьню мясцовая жыхарка.
Яшчэ адзін мясцовы жыхар паведаміў, што ён глядзіць фільмы па беларускіх тэлеканалах. «Вы купляеце гэтую антэну і ўсталёўваеце», — патлумачыў ён.
Служба рэгуляваньня сувязі Літвы паведаміла, што ў жніўні атрымала шэраг скаргаў на радыёстанцыю «Мир». Але праверка на мяжы ня выявіла парушэньняў і станцыя выконвае ўзгодненыя ўмовы па магутнасьці.
Кантэнт зьяўляецца дэзынфармацыяй і прапагандай, ён не адпавядае патрабаваньня літоўскага заканадаўства і не адпавядае грамадзкім інтарэсам, сказаў намесьнік кіраўніка Службы рэгуляваньня сувязі Літвы Дарус Кулешус.
Паводле яго, з красавіка Расея спрабуе ўмяшацца ў літоўскае вяшчаньне пры дапамозе радыёстанцыі «Спутник».
«Гэтая радыёстанцыя пачала працаваць абсалютна незаконна, без усялякага ўзгадненьня: стварылі новую станцыю каля Ніды і нацэліліся на наш рэгіён», — заявіў Дарус Кулешус.
Тэму абмежаваньня вяшчаньня беларускіх і расейскіх прапагандысцкіх СМІ плянуюць абмеркаваць і ў парлямэнце Літвы з запрашэньнем міністра ўнутраных спраў краіны.
«Калі ўраду ўдалося закрыць мяжу паміж Літвой і Беларусьсю, я мяркую, што мы, вядома ж, можам знайсьці магчымасьці, сабраўшыся разам. Мы можам гаварыць пра нейкія часовыя перашкоды або абвясьціць конкурс на выкарыстаньне частаты, каб яны не маглі вяшчаць», — сказаў намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту культуры Робэртас Шаркніцкас.
У парлямэнцкім камітэце нацыянальнай бясьпекі і абароны таксама падтрымалі неабходнасьць спыненьня прысутнасьці на літоўскай тэрыторыі беларускіх і расейскіх каналаў і радыёстанцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да дыскусіі аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю далучыліся дарадца прэзыдэнта Літвы і міністарка абароны ЛатвііЛітва закрыла два пераходы на мяжы зь Беларусьсю
18 жніўня Літва закрыла два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю — Шумск/Лоша і Цьверач/Відзы. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі. Закрываць іх літоўскі бок пакуль не плянуе.
З Польшчай для легкавых аўтамабіляў дзейнічае толькі пераход у Тарэспалі (Берасьце).
28 жніўня краіны Балтыі і Польшча заплянавалі сустрэчу на міністэрскім узроўні, падчас якой будзе абмяркоўвацца мэханізм поўнага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю ў выпадку ўзьнікненьня такой неабходнасьці.