Днямі Міністэрства транспарту Чэскай Рэспублікі, якое месьціцца ў будынку, які ў 1968 годзе займаў ЦК камуністычнай партыі Чэхаславаччыны, зрабіла «дзень адчыненых дзьвярэй». Карэспандэнт Свабоды пабываў на экскурсіі ў будынку, які ў жніўні 68-га быў месцам драматычных падзеяў.
«Праская вясна» як пагроза «ленінскім нормам»
Перамены, якія праводзіла ў 1960-я рэфармісцкае кіраўніцтва камуністычнай партыі ЧССР на чале з першым сакратаром ЦК Аляксандрам Дубчэкам, можна параўнаць зь першымі гадамі гарбачоўскай перабудовы: дазваляўся плюралізм думак, прэсе была дадзеная свабода, быў зьліквідаваны ідэалягічны кантроль над дзеячамі літаратуры і культуры, але кіроўная функцыя Камуністычнай партыі захоўвалася.
Тым ня менш гэтага аказалася дастаткова, каб Крэмль убачыў «сьмяротную пагрозу справе сацыялізму». Цягам некалькіх месяцаў «пытаньне ЧССР» было тэмай абмеркаваньняў на Палітбюро ЦК КПСС, разам зь лідэрамі іншых краінаў сацыялістычнага лягеру савецкія кіраўнікі праводзілі «кансультацыі» з Дубчэкам і ягонымі паплечнікамі як у Маскве, так і ў іншых месцах, пераконваючы іх вярнуцца да «ленінскіх нормаў», а фактычна — згарнуць рэформы. На гэтых сустрэчах, якія ў савецкай прэсе называліся «кансультацыямі», у савецкую дэлегацыю на чале з Леанідам Брэжневым уваходзіў і кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Пётра Машэраў.
Апошняя такая сустрэча з удзелам лідэраў іншых краінаў Варшаўскай дамовы адбылася ў пачатку жніўня 1968 году ў Браціславе. Пасьля яе зрабілася відачочна, што зламаць Дубчэка ня ўдасца. Найбольшай праблемай, аднак, было тое, што рэформы актыўна падтрымліваліся грамадзтвам, і простая замена кіраўніцтва (Крэмль ужо меў пасьпяховы досьвед такіх апэрацый) мала што зьмяніла б.
Таму і было пранятае канчатковае рашэньне аб увядзеньні ў Чэхаславаччыну войскаў краінаў Варшаўскай дамовы. Афіцыйна гэта тлумачылася небясьпекай уварваньня ў ЧССР з боку краінаў NATO, каб пазбавіць Чэхаславаччыну «сацыялістычнага выбару».
500 тысяч вайскоўцаў супраць свабоды
Апэрацыя ўводу войскаў мела кодавы назоў «Дунай». Да мяжы ЧССР сьцягнулі некалькі дзясяткаў танкавых і мотастралковых злучэньняў, агульная ж колькасьць войскаў, якая ўвайшла ў Чэхаславаччыну, налічвала больш як 500 тысяч чалавек. Асноўную частку складалі фармаваньні Ўзброеных сілаў СССР, пры ўдзеле войскаў з Баўгарыі, Вугоршчыны, Польшчы, ГДР.
Сярод іх была і 28-я армія Беларускай вайсковай акругі, штаб якой месьціўся ў Бабруйску.
Палітычнае кіраўніцтва апэрацыяй непасрэдна на тэрыторыі ЧССР ажыцьцяўляў член Палітбюро ЦК КПСС, першы намесьнік старшыні Савету Міністраў СССР Кірыла Мазураў (з 1956-га па 1965 год — першы сакратар ЦК КП Беларусі). Ён быў апрануты ў вайсковую форму з пагонамі палкоўніка Савецкай арміі.
Асаблівая роля адводзілася дэсантнікам, высадку якіх камандуючы дэсантнымі войскамі генэрал Васіль Маргелаў пачаў рыхтаваць яшчэ ў красавіку.
Высадку групы афіцэраў КДБ і дэсантнікаў меркавалася правесьці яшчэ перад уваходам на тэрыторыю ЧССР агульнавайсковых дывізій. Іх мэтай быў захоп найважнейшых аб’ектаў, найперш — ЦК КПЧ і затрыманьне (а фактычна — арышт) кіраўнікоў партыі, калі б яны выступілі супраць уварваньня.
Для гэтага некалькі афіцэраў пад відам турыстаў прыбылі ў Прагу і агледзелі аэрапорт, будынкі ЦК, ураду, МУС, а таксама радыё.
У ноч з 20 на 21 жніўня 1968 на праскім аэрадроме высадзіліся атрады 7-й паветрана-дэсантнай дывізіі (месца дысьлякацыі — Наварасейск), а ў аэрапорце пад Брно — дзьве роты 203-й паветрана-дэсантнай дывізіі, якая месьцілася ў Віцебску.
Арышт Дубчэка і ягоных паплечнікаў
Адразу пасьля таго, як стала вядома пра захопы аэрадрому пад Прагай, Дубчэк сабраў у залі паседжаньняў паблізу ад свайго кабінэту членаў Прэзыдыюму ЦК. Большасьць зь іх (7 супраць 5) выказалася за асуджэньне ўварваньня.
У 4:30 раніцы будынак ЦК быў аточаны савецкімі войскамі. Дэсантнікі і афіцэры КДБ уварваліся ў будынак і адразу блякавалі пакоі на другім паверсе, дзе быў кабінэт Дубчэка і заля паседжаньняў Прэзыдыюму ЦК.
Дубчэк спрабаваў пазваніць па тэлефоне ў Маскву, але дэсантнік з пагонамі капітана дэманстратыўна вырваў дрот.
Аляксандар Дубчэк, а таксама старшыня ўраду Олдржых Чэрнік, сьпікер парлямэнту Ёсэф Смркаўскі, іншыя кіраўнікі Чэхаславаччыны былі затрыманыя. Іх вывелі ва ўнутраны двор, дзе ўжо знаходзілася савецкія БТРы.
Кіраўнікоў ЧССР паклалі на падлогу бронемашын, прывезьлі на аэрадром Рузіне і адтуль спэцыяльным рэйсам даставілі ў Маскву.
Пад ціскам Брэжнева і іншых кіраўнікоў СССР чэхаславацкія лідэры былі вымушаныя падпісаць так званы Маскоўскі пратакол, у якім фактычна адмаўляліся ад ідэяў «Праскай вясны».
Адзін, які не падпісаў
Не паставіў свой подпіс пад «Маскоўскім пратаколам» толькі адзін — Францішак Крыгель, кіраўнік Нацыянальнага фронту Чэхаславаччыны і член ЦК КПЧ.
Ён не паддаўся на просьбы тагачаснага віцэ-прэм'ера ЧССР Густава Гусака і пагрозы савецкіх кіраўнікоў, якія загадалі не выдаваць яму неабходных лекаў. Крыгель заявіў калегам, што гатовы да самага горшага, і толькі папрасіў іх паклапаціцца пра ягоную жонку Рыву (народжаную ў беларускім Нясьвіжы, удзельніцу падпольнай групы антыфашыста Юлія Фучака, якая перажыла Аўшвіц).
«Можаце адпраўляць мяне хоць у Сібір, не падпішу», — заявіў ён Брэжневу, які пасьля гэтых слоў палічыў за лепшае не выпускаць яго з СССР, каб на радзіме Крыгель не зрабіўся нацыянальным героем. Дзьве гадзіны самалёт зь чэхаславацкімі кіраўнікамі чакаў вылету ў Прагу, пакуль Дубчэку і прэзыдэнту ЧССР Людвіку Свобадзе не ўдалося ўгаварыць савецкае кіраўніцтва адпусьціць Крыгеля.
Па вяртаньні з Маскву ў Прагу вакол Францішака Крыгеля і ягонай жонкі распачалася антысэміцкая кампанія (абое былі габрэйскага паходжаньня), сям’я была пад шчыльным кантролем STB (службы бясьпекі), на кватэру адбываліся напады. Крыгель адным зь першых паставіў подпіс пад «Харыяй-77», быў у перапісцы з Андрэем Сахаравым ды іншымі дысыдэнтамі.
Супраціў акупацыі
Па распараджэньні прэзыдэнта ЧССР Людвіка Свобады армія Чэхаславаччыны заставалася ў казармах.
Аднак грамадзтва пачало супраціў зь першых жа гадзін акупацыі. Работнікі нацыянальнага радыё пасьпелі паведаміць пра ўварваньне ў будынак савецкіх дэсантнікаў, перш чым эфір быў гвалтоўна спынены.
І ў Празе, і ў іншых гарадах ЧССР людзі выходзілі на вуліцы, рабілі барыкады, падпальвалі бранятэхніку. Актыўны сілавы супраціў працягваўся некалькі тыдняў пасьля ўварваньня.
У Маскве 25 жніўні 1968-га на Красную плошчу з пратэстам выйшлі восем чалавек, якіх схапілі празь некалькі хвілінаў.
У Беларусі супраць акупацыі Чэхаславаччыны выступіў беспрацоўны (быў звольнены з ганцавіцкай газэты «Савецкае Палессе» пасьля таго, як знайшлі запісы з крытыкай ленінізму) Анатоль Сідарэвіч, якога за гэта неўзабаве памясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь.
Беларус Міхась Кукабака ў жніўні 1968-га быў выкліканы ў ваенкамат у Кіеве, дзе заявіў: «Калі накіруеце ў Чэхаславакію, павярну аўтамат супраць вас: саўдзельнікам злачынства савецкага ўраду не буду, выступлю на баку чэхаславацкага народу». «Я сам сябе ўжо запраграмаваў — павінен зрабіць толькі так і не іначай, — тлумачыў ён праз амаль паўстагодзьдзя Радыё Свабода. — А каб мне не навесілі ярлык „здраднік савецкай радзімы“, я іх адкрыта папярэдзіў. Вы хочаце зь мяне зрабіць ворага — зробіце». Таксама Кукабака перадаў у кансулят Чэхаславаччыны ліст з пратэстам супраць акупацыі. Пазьней быў накіраваны на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычную клініку. Агулам у турмах і вар’ятнях правёў амаль 17 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ня падаць духам у чаканьні пераменаў? Парады дысыдэнта Міхася Кукабакі, які правёў у лягерах 17 гадоўАкупацыя Чэхаславаччыны 1968 году на дзесяцігодзьдзі замацавала так званую «дактрыну Брэжнева», паводле якой савецкае кіраўніцтва пакідала за сабой права ўмешвацца ва ўнутраныя справы краінаў сацыялістычнага лягеру, аж да сілавога варыянту, калі бачыла небясьпеку «адыходу ад марксісцка-ленінскіх прынцыпаў».
Танкі ў Празе таксама зьнішчылі апошнія рэшткі «адлігі» у Савецкім Саюзе, распачатай у 1956 годзе Мікітам Хрушчовым дакладам на ХХ зьедзе КПСС з крытыкай Сталіна. Гэтыя падзеі зрабіліся сымбалем поўнай адмовы кіраўніцтва СССР ад якіх-кольвек рэформаў, што ставілі б пад пагрозу манаполію КПСС на ўладу.