«Сёньня робім яшчэ адзін крок на ўзмацненьне паветранага шчыта Украіны. F-16. Самалёты, якія мы выкарыстоўваем, каб трымаць расейскіх тэрарыстаў далей ад украінскіх гарадоў і вёсак», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў тэлеграме.
Рутэ на прэс-канфэрэнцыі ўдакладніў, што Нідэрлянды, а таксама Данія перададуць F-16 Кіеву, калі будуць выкананы ўмовы для пастаўкі. Калі менавіта Украіна атрымае зьнішчальнікі і калі скончыцца навучаньне лётчыкаў, Рутэ не ўдакладніў. Ён таксама не назваў дакладную колькасьць самалётаў, якія атрымае Украіна.
Таксама ў нядзелю міністар абароны Даніі Якаб Элеман-Енсэн афіцыйна абʼявіў, што Данія разам з Нідэрляндамі перадасьць Украіне зьнішчальнікі F-16, як ён выказаўся, «для барацьбы Украіны за свабоду супраць Расеі і яе злачыннай агрэсіі». Міністар не ўдакладніў, калі будуць перададзены самалёты і колькі іх будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хунта Нігера абяцае дыялёг з мэтаю вярнуць грамадзянскае праўленьнеУкраіна з пачатку расейскага ўварваньня страціла большую частку парку баявой авіяцыі, Кіеў просіць ад заходніх саюзьнікаў даць арміі сучасныя зьнішчальнікі.
У жніўні Вашынгтон даў дазвол на навучаньне ўкраінскіх пілётаў на зьнішчальніках F-16. Вядучую ролю ў навучаньні адыгрываюць Данія і Нідэрлянды. У той жа час ні адна з 11 дзяржаў, якія падтрымліваюць навучаньне ўкраінскіх вайскоўцаў, пакуль не вылучыла самалёты для гэтай праграмы.
Выданьне Politico паведамляла, што група з васьмі пілётаў, якія свабодна валодаюць англійскай мовай, ужо вызначана, але першыя самалёты могуць быць дастаўлены Кіеву не раней за вясну 2024 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёрты дзень запар у Беларусі фіксуюцца тэмпэратурныя рэкорды