Па заяве акіянарыюма, у апошнія два дні ў 57-гадовай Токі сталі выяўляцца «прыкметы нядужаньня», выратаваць яе мэдыкі не змаглі. Прычынай сьмерці акіянарыюм назваў нырачнае захворваньне.
Токі вылавілі ў 1970 годзе. З таго часу яна жыла ў маленькім акварыюме без суродзічаў і выступала ў шоў для людзей. Зоаабаронцы шмат гадоў зьвярталі ўвагу, што 24-метровы басэйн занадта малы для шасьцімэтровай касаткі і што ў яе няма магчымасьці праяўляць натуральныя паводзіны. Улады прызналі гэта толькі ў 2017 годзе.
У 2022 годзе новы ўласьнік акіянарыюма вырашыў, што Токі больш ня будзе ўдзельнічаць у шоў. У сакавіку 2023 года на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з зоаабаронцамі ўладальнік акіянарыюма абвясьціў, што Токі перавязуць у прыморскі запаведнік у штаце Вашынгтон.
Аднак, як піша Miami Herald, улады ЗША так і не выдалі дазволы і правы на ваду, неабходную для акіянічнага загону, у якім бы жыла сямітонная касатка. Дрэсіроўшчыкі Токі сьцьвярджалі, што з прычыны перанесеных хваробаў яна «не кандыдат на вызваленьне», і заклікалі або перавезьці яе ў больш сучасны акварыюм, або пакінуць на месцы. Федэральныя і мясцовыя інспэктары казалі, што басэйну Токі патрэбен капітальны рамонт.
Акіянарыюм у Маямі прыпыніў працу на суткі, каб «паразважаць аб жыцьці і спадчыне» Токі. Зоаабаронцы праводзяць акцыі памяці і заклікаюць вызваліць іншых марскіх сысунаў, пакуль іх не напаткаў той жа лёс.
Your browser doesn’t support HTML5