У Берасьце прыбыў эшалён з вайскоўцамі Ўзброеных сіл Расеі, якія будуць удзельнічаць у манэўрах з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) «Узаемадзеяньне-2023».
Тэлеграм-канал 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады апублікаваў фатаздымкі сустрэчы расейскага кантынгенту і паведаміў, што вайскоўцы разгружаюцца на чыгуначнай станцыі Брэст-Паўднёвы.
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» са спасылкай на ўласныя дадзеныя паведаміў, што расейцы прыбылі 18 жніўня. Сьцьвярджаецца, што часткова манэўры пройдуць на Берасьцейскім палігоне, дзе расейскія вайскоўцы будуць знаходзіцца да 9 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь папярэдзіла АБСЭ аб правядзеньні «самага буйнога вайсковага мерапрыемства» ў верасьні- 10 жніўня начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны Беларусі Валеры Равенка напісаў у «Твітары», што «на адрас усіх дзяржаваў — удзельніц АБСЭ накіраванае апавяшчэньне пра самае буйное мерапрыемства вайсковай дзейнасьці ў 2023 годзе, заплянаванае да правядзеньня ў верасьні».
- 1–6 верасьня на тэрыторыі Беларусі пройдзе апэратыўна-стратэгічны комплекс вучэньняў Калектыўных сіл АДКБ «Баявое братэрства — 2023». У рамках яго заплянаваныя манэўры «Узаемадзеяньне» (сумеснае ўрэгуляваньне крызіснай сытуацыі ў зоне адказнасьці АДКБ ва Ўсходняй Эўропе), «Пошук» (узаемадзеяньне выведак), «Эшалён» (дзеяньні сіл і сродкаў матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня), «Бар’ер» (праца сумесна фармаваньня радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны і мэдыцынскага забесьпячэньня) і «Скала» (дзеяньні ратавальнікаў краін АДКБ пры ядзернай аварыі).
- На прэс-канфэрэнцыі 14 лютага начальнік абʼяднанага штаба АДКБ Анатоль Сідараў заявіў, што будучыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі «ня маюць ніякіх мэтаў, акрамя трэніровачных».