У выніку ўдару расейскай ракеты па Чарнігаве пашкоджаны будынак драматычнага тэатру.
Па стане на 14:17 вядома пра 7 загінулых, паведаміў кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка. Агулам, паводле яго зьвестак, па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся 90 чалавек, у іх ліку 12 дзяцей. Зь іх шпіталізавалі 25 чалавек. «12-гадовую дзяўчынку тэрмінова дастаўляюць рэанімабілем у Кіеў. Дзіця ў цяжкім стане», — дадаў ён.
Пазьней колькасьць параненых павялічылася да 129 чалавек, паведаміў Кліменка каля 6 гадзіны вечара.
У Чарнігаве абвешчаная трохдзённая жалоба.
У выніку расейскага ракетнага ўдару абрынуўся дах драмтэатру, пасьля чаго там пачаўся пажар. Таксама пашкоджана шкленьне вокнаў Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай часткі Чарнігава. Пажар у краме ліквідавалі, паведамляе МУС Украіны.
«Расейская ракета трапіла проста ў цэнтар горада, у наш Чарнігаў. Плошча, палітэхніка, тэатар. Звычайная субота, якую Расея ператварыла ў дзень болю і стратаў. Ёсьць загінулыя, ёсьць параненыя. Мае спачуваньні тым, хто страціў сваіх блізкіх», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Паводле Зяленскага, цяпер на месцы трагедыі працуюць ратавальнікі, праваахоўнікі і мэдыкі.
Тэлеграм-канал «Труха Украина» піша, што ў момант удару ў будынку драмтэатра, у які патрапіла ракета, праходзіла выстава вытворцаў дронаў. Праект Victory Drones раней паведамляў, што 19 жніўня ў Чарнігаве пройдзе сустрэча-прэзэнтацыя ўкраінскіх вытворцаў бесьпілётнікаў, але месца правядзеньня не ўдакладнялася.