Уначы 18 жніўня ў цэнтры Беластока невядомыя зьбілі мужчыну. Відэа інцыдэнту апублікавала выданьне MOST.
Інцыдэнт здарыўся на вуліцы Ліпавай у Беластоку. Ролік даслаў у рэдакцыю MOST чытач Раман, які стаў відавочцам здарэньня. Прычына канфлікту невядомая.
«Было каля трох гадзінаў ночы. Мой сябар пачуў нейкія крыкі на вуліцы і выйшаў на балькон. Непадалёк ад дарогі невядомыя зьбівалі замежніка. Іх было каля дзесяці чалавек і яны крычалі па-польску. Потым зь іх словаў стала зразумела, што білі беларуса. Крычалі, каб ён валіў з краіны. Потым прыплялі Украіну і Пуціна», — кажа Раман.
Паводле яго, зьбіцьцё адбывалася каля дзесяці хвілін.
«Пасьля таго як чалавек перастаў рухацца, група людзей пачала сыходзіць. І толькі адзін зь іх вярнуўся паглядзець, у прытомнасьці ён ці не. Хлопец быў у прытомнасьці, і нападнік сышоў. Пасьля гэтага беларус падняўся і сеў на лаўку. Пад’ехала машына таксі, выйшаў кіроўца і хацеў дапамагчы, але хлопец адмовіўся. Празь нейкі час ён сам сышоў», — дадаў Раман.
Аўтар відэа разгубіўся і не патэлефанаваў своечасова ў паліцыю, але раніцай 18 жніўня Раман напісаў на пошту паліцыі Беластока і прымацаваў да ліста відэа. Адказу ён яшчэ не атрымаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падумалі, што ён з Украіны». Двух жыхароў Уроцлава судзяць за зьбіцьцё 15-гадовага беларусаНядаўна ў польскім Уроцлаве пачаўся суд над двума мясцовымі жыхарамі за зьбіцьцё 15-гадовага падлетка зь Беларусі. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, матывам нападу стала нацыянальнасьць падлетка: абвінавачаныя думалі, што ён украінец.