Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрвію прарасейскай прапагандыстцы Дзіяне Панчанцы. Фрагмэнты інтэрвію падае БЕЛТА.
Панчанка спытала, ці ёсьць такія абставіны, пры якіх Беларусь можа паўнацэнна ўступіць у вайну ва Ўкраіне.
«Калі вы, украінцы, не пераступіце нашу мяжу, мы ніколі не будзем у гэтай вайне ўдзельнічаць. У гэтай гарачай вайне, — адказаў Лукашэнка. — Але дапамагаць Расеі мы будзем заўсёды — гэта нашы саюзьнікі. Вы ведаеце, што і баявое зладжваньне, і падрыхтоўка, і боепрыпасы, зброя, і іншае — вам 55 краін дапамагаюць. А Расеі вось так адкрыта дапамагае толькі Беларусь».
Панчанка заўважыла, што ва Ўкраіне часта можна пачуць, што Уладзімір Пуцін схіляе Лукашэнку да таго, каб уцягнуць краіну ў вайну.
«Дурасьць поўная. Ведаеце чаму? Таму што гэта нічога не дасьць. Дадаткова 70 000 войскаў нічога не дадуць, нічога, — падкрэсьліў Лукашэнка. — У іх хапае жывой сілы і тэхнікі. Таму далучаць Беларусь... Што гэта дасьць? Вось вы мне скажыце, што гэта дасьць, калі мы пачнём ваяваць супраць Украіны? Нічога».
- Напачатку лютага 2022 году ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Ўладзіміру Салаўёву Лукашэнка заявіў, што ў выпадку, калі Ўкраіна ўжыве сілу супраць Данбасу, беларускае войска будзе дзейнічаць гэтаксама, як і расейскае.
- 24 лютага 2022 году, калі пачалося шырокамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, Лукашэнка заявіў «Нашых войскаў там няма, але калі будзе неабходна Расеі і Беларусі, яны там будуць».
- У кастрычніку летась Лукашэнка заявіў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне. «Мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязацельствы», — сказаў ён тады. «Наш удзел у тым, каб не дапусьціць распаўсюджваньня гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі па-першае. Па-другое, не дапусьціць нанясеньня ўдару па Беларусі пад прыкрыцьцём спэцыяльнай ваеннай апэрацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у сьпіну расейцам страляць ніхто не будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел», — заявіў тады Лукашэнка.
- Напачатку ўварваньня Расея актыўна выкарыстоўвала тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру Беларусі для сухапутных атакаў на Ўкраіну. На працягу некалькіх месяцаў — з 24.02.22 — расейцы абстрэльвалі ракетамі і наносілі авіяўдары па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі.