Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржаў і іхныя межы, вызначаныя пасьля Другой усясьветнай вайны.
«Асноўныя ідэі цяперашняга і будучага пэрспэктыўнага сьветапарадку Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларусі супадаюць цалкам. Мы гэта з вамі дэманстравалі цягам трох дзясяткаў гадоў», — працытаваў тэлеграм-канал «Пул первого» словы Лукашэнкі зь ягонай сустрэчы зь міністрам абароны Кітаю Лі Шанфу.
«Мы абсалютныя прыхільнікі шматпалярнага сьвету. Мы абсалютныя прыхільнікі тэрытарыяльнай цэласнасьці і адзінства, межаў і тэрыторый, якія склаліся пасьля Другой усясьветнай вайны. Мы за неўмяшаньне ва ўнутраныя справы дзяржаў», — заявіў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Тэлеграм-канал таксама паведаміў, што Лукашэнка падзякаваў Кітаю за «падтрымку ў сфэры вайскова-тэхнічнай і вайсковай супрацы».
«Ваш візыт у Беларусь вельмі важны для нашай Беларусі. Уся наша супраца, а яна значная, ні ў якім выпадку ня будзе накіравана супраць трэціх краін. Нам гэта не патрэбна. Нам трэба гарантаваць бясьпеку сваім народам», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Паведамляецца таксама, што Беларусь і Кітай у 2024 годзе правядуць супольныя вайсковыя вучэньні і трэнаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся візыт міністра абароны Кітаю ў БеларусьМіністар абароны Кітаю Лі Шанфу прыбыў у Менск 16 жніўня з Расеі, дзе браў удзел у Маскоўскай канфэрэнцыі ў міжнароднай бясьпецы, арганізаванай Міністэрствам абароны Расеі. На ёй ён заявіў аб зацікаўленасьці разьвіваць вайсковую супрацу зь Беларусьсю, якая плянуе ўступіць у ШАС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін у Маскве расказаў пра намеры краін «залатога мільярда» і «проксі-вайну» ва Ўкраіне, якую трэба спыніць любымі сродкаміУ канфэрэнцыі ўдзельнічалі міністры абароны краін Афрыкі і Блізкага Ўсходу. На ёй прадстаўнікі расейскай улады апраўдвалі ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і абвінавачвалі ў вайне заходнія краіны і ЗША.