Мігрантам задавалі пытаньні аб тым, адкуль і чаму яны зьехалі, як трапілі ў краіну і куды хочуць ехаць далей, зь якімі праблемамі сутыкаюцца і колькі зь іх вырашылі застацца ў Беларусі.
Апытаньне мігрантаў вялося сёлета ў сакавіку-красавіку. Апыталі 202 чалавекі, у асноўным у Менску, Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Сярод удзельнікаў апытаньня былі грамадзяне 40 краін, піша Зеркало са спасылкай на дасьледаваньне.
Узровень адукацыі большасьці мігрантаў аказаўся невысокі: у 62% апытаных была толькі няпоўная сярэдняя адукацыя, у 12% — поўная сярэдняя, у 6% — пачатковая. Пры гэтым 16% мелі вышэйшую адукацыю. Былі адзінкавыя выпадкі заканчэньня рэлігійных школ і іншых формаў адукацыі. Ніякай афіцыйнай адукацыі не было ў 1%, і ўсе гэтыя рэспандэнты былі жанчынамі.
Рэспандэнтаў папрасілі назваць дзьве галоўныя прычыны ад’езду з роднай краіны. Больш за ўсё ўдзельнікаў (31,2%) асноўнай назвалі эканамічныя прычыны: яны хацелі знайсьці працу і лепшую магчымасьць заробку. У той жа час 24% заявілі, што пакінулі радзіму ад гвалту, у тым ліку накіраванага канкрэтна супраць іх (траціна жанчын і амаль чвэрць мужчын). У асноўным пра гэта гаварылі грамадзяне Афганістану (73,5%), якія ўказалі на небясьпеку і пагрозу жыцьцю празь перасьлед з боку талібаў. Яшчэ 21% сказалі, што выехалі праз вайну ці ўзброены канфлікт у сваёй краіне (у асноўным мужчыны).
На другое па значнасьці месца 41% паставілі эканамічныя прычыны, 16% — жаданьне атрымаць адукацыю, прафэсію, 14% — стварэньне або ўзьяднаньне сям’і, 8% — войны, 1% — стыхійныя бедзтвы, 11% — іншыя асабістыя прычыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сорак мігрантаў спрабавалі прарвацца ў Польшчу зь Беларусі і закідвалі памежнікаў камянямі. На мяжу адправілі вадамётНа пытаньне аб тым, ці плянуюць вярнуцца на радзіму, 47% рэспандэнтаў адказалі адмоўна. Зь іх 74% тлумачылі гэта пагрозай бясьпецы ў іх краіне, 25% проста не хацелі вяртацца, многія сказалі, што там няма за што жыць. У той самы час 22% сказалі, што плянуюць вярнуцца дадому, да сям’і, дапамагаць сваім блізкім, тлумачылі гэта таксама тым, што там ёсьць дзе жыць. У 19% ужо не заставалася грошай на далейшую дарогу і пражываньне, яшчэ 19% сказалі, што вельмі стаміліся ад умоў, у якіх знаходзяцца, і проста зьнясіленыя.
33% сказалі, што хочуць застацца ў Беларусі, 21% хоча паехаць у Нямеччыну, 9% хацелі трапіць у Польшчу, 6% — у Расею. Некаторыя мігранты думаюць вярнуцца назад на радзіму — у Афганістан (4%), Самалі і Сырыю (па 1%).
Аб жаданьні ўладкавацца ў Беларусі заявілі 67 чалавек, зь якіх тры чвэрці былі мужчынамі. Большасьць — грамадзяне Афганістану (46%), Сырыі (15%), Іраку (13,5%). Былі таксама грамадзяне Самалі, Емэну, Эрытрэі і Баўгарыі.
Але прычыны заставацца ў Беларусі ў большасьці былі ня радаснымі. 57% сказалі, што для іх гэта адзіны выбар і ім больш няма куды ехаць. Для 24% вызначальнай стала прастата доступу да працэдуры даваньня прытулку, 16% зрабілі такі выбар зь меркаваньняў бясьпекі. Акрамя таго, 15% раней вучыліся ці працавалі ў Беларусі, 9% маюць тут дзе жыць, у 10% у Беларусі ёсьць сваякі ці сябры. Толькі 4% выбіралі Беларусь за сацыяльна-эканамічныя ўмовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскую мяжу з боку Беларусі штурмуюць мігранты з турыстычнымі і працоўнымі візамі РасеіУ рэспандэнтаў спыталі, зь якімі цяжкасьцямі яны сутыкаюцца ў Беларусі. Большасьць назвалі моўны бар’ер (73%), нястачу грошай (48%) і адсутнасьць доўгатэрміновага жыльля (21%). Кожны пяты баяўся арышту, шмат каго непакоілі пытаньні легалізацыі ў Беларусі, адсутнасьці працы. Кожны чацьвёрты паведаміў аб ускладненым доступе да мэдыцынскіх паслуг празь недахоп грошай, прыкладна столькі ж — з прычыны моўнага бар’еру, 19% — праз адсутнасьць патрэбных дакумэнтаў. Пры гэтым 40% сказалі, што праблем з доступам да сыстэмы аховы здароўя ў іх няма.
Толькі 2% сказалі, што сутыкаліся ў Беларусі зь нейкай дыскрымінацыяй, а 95% заявілі, што ў іх такога не было.
Больш за палову (52%) сказалі, што адчуваюць сябе ў бясьпецы ў Беларусі. Але 28% бясьпекі не адчувалі, а 20% не далі адказу на пытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты плацяць 6 тысячаў даляраў за тое, каб трапіць у Нямеччыну празь Беларусь