Украінскі дзяржаўны праект «Хачу жыць», першапачатковая мэта якога — дапамога расейскім вайскоўцам, якія жадаюць добраахвотна здацца ў палон, абвясьціў пра дапамогу расейскім палітвязьням, якія зазналі перасьлед за сваю антываенную пазыцыю або падтрымку Ўкраіны.
Сваякам рэпрэсаваных, якія хочуць вызваліць сваіх блізкіх з расейскіх калёній і СІЗА, прапануюць пісаць на электронную пошту праекту (sohranisebezizn@gmail.com).
Яго стваральнікі плянуюць ініцыяваць перадачу палітвязьняў ва Ўкраіну праз працэдуру абмену ці «іншымі спосабамі» з наступнай магчымасьцю забесьпячэньня палітычнага прытулку. Таксама яны абяцаюць «юрыдычнае суправаджэньне» пры вырашэньні пытаньняў, зьвязаных з выездам з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За антываенную пазыцыю на 224 грамадзянаў Расеі завялі крымінальныя справы- Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну расейскія ўлады пачалі перасьлед грамадзян за антываенныя выступы і выказваньні. Паводле зьвестак расейскага праваабарончага праекту «ОВД-Инфо», за антываенную пазыцыю былі затрыманыя больш за 20 тысяч расейцаў.
- У сакавіку 2022 году ў Расеі ўвялі законы аб крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці за так званыя «фэйкі» пра расейскае войска і дыскрэдытацыю яе дзеяньняў. Фэйкамі і дыскрэдытацыяй расейскія ўлады лічаць любы пункт гледжаньня, адрозны ад пазыцыі Крамля і Мінабароны Расеі. Па гэтых артыкулах расейскія ўлады завялі ўжо амаль сямсот крымінальных спраў. Дзясяткі грамадзян РФ асуджаныя па іх да працяглых тэрмінаў зьняволеньня.