Міжканфэсійнае аб’яднаньне беларускіх хрысьціян «Хрысьціянская візія» вывучыла справаздачы аб дапамозе расейскім вайскоўцам у сацыяльных сетках і прыйшло да высновы, што за 4 месяцы валянтэры Сьвята-Лізавецінскага манастыра, верагодна, дапамаглі часткова ці цалкам пакрыць выдаткі на набыцьцё сама меней 7 аўтамабіляў для расейскіх вайскоўцаў.
Як піша «Хрысьціянская візія», кіраўніца валянтэрскай групы «Помощь братьям», расейская манашка Яўгенія рэгулярна паведамляе пра дапамогу, якую аказвае ёй партнэрская група са Сьвята-Лізавецінскага манастыра. Кіруе групай валянтэраў у беларускім манастыры манашка Аляксандра (Ляхава). Яе імя часта і згадвае ў сваіх справаздачах расейская кіраўніца. Публікуе свае справаздачы яна ў тэлеграм-групе пад назвай «Помощь братьям и мать Евгения».
Акрамя гэтага, манашка Яўгенія неаднойчы дзякавала за набытыя аўтамабілі «беларусам», без указаньня імёнаў ці арганізацый спонсараў. У «Хрысьціянскай візіі» лічаць, што і гэтыя падзякі таксама адрасаваныя Сьвята-Лізавецінскаму манастыру, бо:
- кантэнт-аналіз матэрыялаў тэлеграм-групы «Помощь братьям и мать Евгения» не паказаў ніякіх іншых валянтэрскіх груп зь Беларусі;
- лексыка, якая суправаджае гэтыя безназоўныя падзякі ў адрас «беларусаў», падобная да той, пры якой спонсараў называюць пайменна;
- выразы падзякі часта паўтараюцца (за адну і тую ж машыну манашка Яўгенія можа дзякаваць некалькі разоў — пры куплі аўтамабіля, пасьля дастаўкі, пасьля рамонту і г. д.): у адным выпадку без імя, у іншым — зь імем, што дазваляе атаясаміць групу «беларусы» з валянтэрскай групай Сьвята-Лізавецінскага манастыра;
- у выпадках безназоўнай падзякі «беларусам» на фатаздымках гуманітарнай дапамогі відаць налепкі ў выглядзе каляжу зь дзяржаўных сьцягоў Беларусі і РФ, якімі заўсёды суправаджаецца дапамога са Сьвята-Лізавецінскага манастыра.
Вывучыўшы фота ўсіх аўтамабіляў, якія фігуравалі ў паведамленьнях з падзякамі «беларусам» (аб'яднаньне прыводзіць усе скрыншоты такіх паведамленьняў), «Хрысьціянская візія» агулам налічыла сама меней 7 аўтамабіляў (УАЗ «Патрыёт», УАЗ СГР, УАЗ-469, ВАЗ-2131), прычым фота трох аўтамабіляў публікуюцца ў паведамленьнях са згадваньнямі манашкі Сьвята-Лізавецінскага манастыра Аляксандры.
Манастыр прапанаваў сваю дапамогу ў куплі аўтамабіляў у другой палове красавіка 2023 году — такія паведамленьні сталі зьяўляцца ў тэлеграм-групе ў гэты пэрыяд часу. Такім чынам, агулам за 4 месяцы валянтэрская група са Сьвята-Лізавецінскага манастыра, верагодна, паўдзельнічала ў частковым або поўным пакрыцьці куплі сама меней сямі аўтамабіляў для расейскіх вайскоўцаў, адзначаюць у аб’яднаньні.
У паведамленьнях валянтэрскай групы часьцей за ўсё фігуруе, што аўтамабілі дастануцца расейскаму атраду «Беркут». Яшчэ пералічваюцца выведнікі, штурмавікі і вайскоўцы тэрміновай службы, якія стаяць на мяжы Белгарадзкай вобласьці і Ўкраіны. Згодна з паведамленьнямі, у большасьці выпадкаў аўтамабілі прызначаныя для «вывазу параненых і транспартаваньня асабовага складу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны зарабляюць на ўсім». Як менскі Сьвята-Лізавецінскі манастыр стаў вялізнай бізнэс-імпэрыяй і асяродкам «русского мира»- Сьвята-Лізавецінскі манастыр вядомы тым, што адкрыта падтрымлівае расейскую ваенную агрэсію ва Ўкраіне. Вернікам прапануюць падтрымліваць расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне: высылаць ім цёплыя рэчы, пералічваць грошы, пісаць лісты. Грошы зьбіраюць на рыштунак для расейскіх вайскоўцаў.
- Сёлета 9 траўня на падворку Сьвята-Лізавецінскага манастыра правялі хрэсны ход з расейскім сьцягам зь літарай «Z».
- Манастыр мае шчыльныя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам. 7 студзеня сёлета Лукашэнка дзякаваў манастыру за збор дапамогі расейскім вайскоўцам ва Ўкраіне.
- Сьвята-Лізавецінскі манастыр знаходзіцца ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату РПЦ.