У Латвіі тэрмінова мабілізуюць дадатковыя сілы для аховы мяжы зь Беларусьсю

Ілюстрацыйнае фота

З 15 жніўня для ўзмацненьня аховы зьнешняй дзяржаўнай мяжы Дзяржаўная памежная служба мабілізуе дадатковыя памежныя нарады, паведамляе прэс-служба памежнай службы Латвіі.

«Такое рашэньне прынятае ў сувязі з імклівым ростам гібрыднай пагрозы на латвійска-беларускай мяжы за мінулыя суткі, калі было зафіксавана 96 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы, а таксама ўзмацненьнем актыўнасьці прадстаўнікоў беларускіх уладаў у арганізацыі плыні нелегальных імігрантаў і інфармацыяй аб рызыках, якая ўказвае на магчымае павелічэньне гібрыдных пагрозаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.

На дадзены момант латвійскім памежнікам перасталі даваць штогадовыя адпачынкі, а хто ўжо ўзяў адпачынак, тых зь яго адклікалі. Таксама Дзяржаўная памежная ахова Латвіі запрасіла дадатковай падтрымкі ў Нацыянальных узброеных сіл і дзяржаўнай паліцыі Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія ўводзіць узмоцнены рэжым аховы мяжы з Беларусьсю
  • З 11 жніўня Латвія ўвяла ўзмоцнены рэжым аховы дзяржаўнай мяжы «для прадухіленьня дзяржаўнай пагрозы, прымаючы да ўвагі неадпаведна вялікую колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня латвійска-беларускай мяжы». Мера будзе дзейнічаць 6 месяцаў на тэрыторыях Лудзенскага, Краслаўскага, Аўгшдаўгаўскага раёнаў, якія мяжуюць зь Беларусьсю, а таксама Даўгаўпілсу.
  • З прычыны таго, што мігранты ўсё часьцей незаконна перасякаюць мяжу зь Беларусьсю, а на беларускай тэрыторыі разьмешчаны вагнэраўцы, Польшча, Латвія і Літва заявілі пра магчымасьць сынхроннага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы Латвіі незаконных мігрантаў зь Беларусі затрымалі пры дапамозе зброі і кіноляга з сабакам