Савет міністраў Беларусі ўхваліў пастанову аб спыненьні дзеяньня пагадненьня з Украінай аб прынцыпах супрацы і ўмовах узаемаадносін у галіне сувязі, падпісанага ў Кіеве 17 сьнежня 1992 году.
Адпаведная пастанова, якая набыла юрыдычную моц 11 жніўня, апублікавана на прававым партале Беларусі.
Урад упаўнаважыў Міністэрства замежных спраў Беларусі апавясьціць Украіну аб выхадзе з гэтага пагадненьня.
Як вынікае з заканадаўчай базы Ўкраіны, украінскі бок пакуль не выходзіў з гэтага дакумэнту, хоць пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, украінскі ўрад і парлямэнт спынілі дзеяньне больш як 30 пагадненьняў і ўгодаў, падпісаных з урадам і міністэрствамі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі ўрад цяпер будзе не дэнансаваць пагадненьні зь Беларусьсю і Расеяй, а спыняць іх дзеяньне. Юрыст патлумачыў, што гэта азначаеЗгодна з тэкстам пагадненьня, яно можа быць разарвана ў тым выпадку, калі адзін з бакоў за 90 дзён паведаміць іншаму боку ў пісьмовым выглядзе пра свой намер спыніць дзеяньне гэтага дакумэнту.
Пагадненьне вызначала прынцыпы паштовага абмену і грашовых пераводаў між краінамі.
«Укрпошта» спыніла дастаўку паштовых адпраўленьняў у Беларусь і Расею адразу пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну: усе пасылкі вярнулі адпраўнікам, а грашовыя пераводы былі заблякаваныя. Аднак урад Украіны пакуль не спыніў дзеяньне галіновага пагадненьня. Цяпер гэта адбудзецца аўтаматычна праз 90 дзён пасьля атрыманьня адпаведнага паведамленьня зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайшла водгук у сэрцах людзей». Укрпошта спыняе продаж маркі з расейскім караблём, але абяцае новыя варыянтыЯк паведаміла народны дэпутат Украіны Ірына Герашчанка, пакуль яшчэ застаюцца дзейнымі каля 100 міжнародных дакумэнтаў, падпісаных на дзяржаўным, урадавым і галіновым узроўнях паміж Украінай і Беларусьсю, каля 300 — з Расеяй і амаль 200 — у межах СНД.
Парлямэнцкі камітэт у замежных справах заклікаў урад Украіны падрыхтаваць іх пералік для далейшага спыненьня дзеяньня і выхаду зь іх Украіны.