«Беларусы ніколі не забудуць тую дапамогу, якую аказала нам Літва пасьля 2020 году. Літоўская дзяржава і літоўскі народ падтрымалі беларусаў падчас масавых пратэстаў і выратавалі тысячы людзей, якія ўцякалі ад тэрору, якога Беларусь ня бачыла са сталінскіх часоў», — заявіла Ціханоўская.
Яна зазначыла, што сёньня Беларусь перажывае гуманітарную і палітычную катастрофу.
«Пакуль Пуцін вядзе вайну супраць Украіны, яго марыянэткавы рэжым у Менску працягвае вайну супраць беларускага народу. Рэжым Лукашэнкі помсьціць беларусам, якія ў 2020-м выбралі свабоду і незалежнасьць. Больш за 60 тысяч прайшлі праз турмы. Людзей у турмах катуюць і забіваюць.
Нават цяпер штодня затрымліваюць у сярэднім 15–20 чалавек: за пратэст, нацыянальную сымболіку, падтрымку Ўкраіны, урэшце, за беларускую мову.
Яны зьнішчаюць ня толькі мэдыя, грамадзянскую супольнасьць, але і саму ідэнтычнасьць беларусаў, спрабуючы зрабіць нас часткай „рускага сьвету“. Яны разбураюць усё, што зьвязвае нас з Эўропай, уключаючы нашу мову, гісторыю, культуру», — сказала Ціханоўская.
На яе думку, літоўцам ня трэба тлумачыць, як і для чаго гэта робіцца.
«Вы самі прайшлі праз савецкую акупацыю. Толькі нашых сіл сёньня недастаткова, каб перамагчы. Нам патрэбныя моцныя саюзьнікі.
І Літва паказвае прыклад прынцыповай і рашучай пазыцыі астатнім краінам Эўропы. Літва не пайшла на ўгоду з Лукашэнкам, стала нашым голасам на міжнароднай арэне, а калі пачалася вайна — аднадушна падтрымала Ўкраіну.
Падтрымка Літвы і літоўскага народу патрэбная сёньня беларусам як ніколі, каб вырвацца з кіпцюроў расейскай тыраніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Заходняя Эўропа бачаць Лукашэнку ня так, як суседзі Беларусі, — эўрапейскі рэдактар СвабодыПаводле Ціханоўскай, сёньня рэжым Лукашэнкі помсьціць Літве за пасьлядоўнасьць гэтай падтрымкі.
«Міграцыйны крызіс, закрыцьцё літоўскіх школ, антылітоўская прапаганда, гульня з вагнэраўцамі — гэта ўсё помста за вашу пазыцыю. Але мы не павінны дазволіць Пуціну і Лукашэнку пасварыць нашы народы.
Трэба дакладна разумець: Лукашэнка — гэта не Беларусь. Не беларусы пагражаюць Літве, а рэжым і яго памагатыя. І наша сумесная задача — іх спыніць.
Тыя беларусы, якія прыехалі ў Літву — больш за ўсё на сьвеце хочуць вярнуцца дадому.
Мы цэнім гасьціннасьць Літвы, але мы тут толькі часова. Беларусы ў Літве ў абсалютнай большасьці ўдзельнічалі ў пратэстах або падтрымлівалі іх, падтрымліваюць Украіну. Несумненна, рэжым паспрабуе засылаць агентаў і правакатараў, але мы гатовыя іх выяўляць. Ім ня месца ні ў Літве, ні ў ЭЗ», — заявіла палітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заявіла, што беларусы — эўрапейская нацыя, якая хоча выйсьці з-пад уплыву РасеіЯна падкрэсьліла, што апошнім часам у літоўскіх мэдыя і інтэрнэт-рэсурсах абмяркоўваюць заявы невядомых правакатараў, якія сваімі заявамі прыніжаюць Літву і літоўскі народ.
«Такія антылітоўскія выказваньні — маргінальныя для беларускага грамадзтва. Я хачу падкрэсьліць нашу агульную пазыцыю: літоўская тэрыторыя і дзяржава належаць народу Літвы і больш нікому. Межы непарушныя, хто кажа інакш — той правакатар, той на баку агрэсара. Беларусы ня маюць і ніколі ня будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў. Для нас веліч народу — у павазе, якой ён карыстаецца ў сьвеце, а ў першую чаргу — з боку суседзяў.
Я перакананая, што і ў літоўскіх інтарэсах, каб суседкай Літвы была свабодная незалежная і эўрапейская Беларусь, а ня буфэрная зона Крамля. Мы будзем рабіць усё, каб гэта стала рэальнасьцю».
Сьвятлана ЦІханоўская заклікала літоўцаў падтрымліваць беларускі народ у гэтым імкненьні.
«Мяне турбуе дыскусія сярод палітыкаў, ці трэба ў адказ на прысутнасьць вагнэраўцаў узмацніць абмежаваньні і прыраўняць беларусаў да расейцаў.
Сапраўды, пагроза з боку рэжыму ёсьць, але міграцыйныя абмежаваньні яе ня вырашаць. Гэта можа ў першую чаргу ўдарыць па прадэмакратычна настроеных беларусах. Таксама гэта згуляе на руку Крамлю, які спрабуе сьцерці розьніцу паміж расейцамі і беларусамі. Але беларусы — не расейцы, а Беларусь — не Расея. І ніколі ёй ня стане. Нягледзячы на ўсе намаганьні Пуціна і Лукашэнкі, ім не ўдалося ўцягнуць наш народ і войска ў вайну супраць Украіны. Сацыялягічныя дасьледаваньні сьведчаць, што большасьць беларусаў не падтрымліваюць агрэсіўную палітыку ўзурпатараў».
Ціханоўская нагадала пра спыненьне расейскіх эшалёнаў у Беларусі рэйкавымі партызанамі, барацьбу беларускіх добраахвотнікаў за свабоду Ўкраіны і змаганьне іншых беларусаў супраць рэжыму Лукашэнкі.
«Тое, што няма масавых маршаў на вуліцах — гэта ня значыць, што няма пратэсту. Я ўдзячная дэпутатам літоўскага Сейма, якія вясной вырашылі ня ставіць знак роўнасьці паміж беларусамі і расейцамі. Гэта быў выразны сыгнал салідарнасьці і падтрымкі. Я спадзяюся, што і ў новым законе ня дойдзе месца для шырокіх абмежаваньняў супраць усіх грамадзян Беларусі».
Ціханоўская таксама выказала спадзяваньні на працяг палітыкі літоўскага ўраду ў дачыненьні да Беларусі: ізаляцыя рэжыму, з аднаго боку, а з другога — падтрымкі беларусам, якія змагаюцца за вызваленьне сваёй краіны.
«Беларусь пройдзе той шлях да свабоды і незалежнасьці, які ўжо прайшла Літва.
Мы адбудуем дэмакратычную дзяржаву эўрапейскага ўзору. У новай Беларусі будуць паважаць правы чалавека, нацыянальных меншасьцяў, паважаць суседзяў і недатыкальнасьць дзяржаўных межаў. (Мы рашуча выступаем за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, якую ў 2014 годзе парушылі расейскія імпэрыялісты.) Беларусь, як цяпер Літва, стане сябрам Эўразьвязу. Толькі садружнасьць у ЭЗ гарантуе нам рэальную незалежнасьць і не дазволіць Крамлю ўзяць рэванш.
Так, сёньня гэта выглядае аддаленай мэтай, але мы да яе прыйдзем. І мы спадзяёмся на падтрымку Літвы на гэтым шляху. Чым мацнейшае будзе наша беларуска-літоўскае сяброўства, тым горш для нашага агульнага ворага, якім ёсьць расейскі імпэрыялізм.
У 1991 годзе, калі літоўцы выйшлі абараняць сваю свабоду ад савецкіх танкаў, сярод абаронцаў літоўскага парлямэнту былі і беларусы. Аналягічна, у крытычныя моманты нашай гісторыі і мы заўсёды адчувалі падтрымку літоўцаў. Хай так гэта і застаецца», — падсумавала дэмакратычная лідэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Літвы: Беларускі дыктатар выйшаў за межы ўнутранай тыраніі, на міжнародную арэну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве назвалі ўмовы аднаўленьня дачыненьняў зь Беларусьсю