Ліст датаваны 12 жніўня 2023 году. Ён апублікаваны на старонцы руху «Вольная Беларусь», які ўзначальвае Зянон Пазьняк.
«Аляксандар Рыгоравіч і Ўладзімір Аляксандравіч, зьвяртаюся да вас як да звычайных людзей, не ўжываючы вашых афіцыйных тытулаў, бо рашэньне аб справе, па якой я зьвяртаюся, мае перш за ўсё маральны характар. Справа пра абмен ваеннапалонных.
Два палонныя грамадзяніны Беларусі (Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч), якія былі ў расейскім войску, ваявалі супраць Украіны і асуджаныя судом Украіны на пазбаўленьне волі адпаведна на 10 і на 9 гадоў, зьвярнуліся да ўлады Рэспублікі Беларусь з просьбай абмяняць іх на палітзьняволеных Рэспублікі Беларусь. Прашу вас паспрыяць такому абмену, улічыць маю прапанову і пазыцыю шматлікіх беларусаў у Польшчы. Менавіта: абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на палітвязьняў у Беларусі: Вольгу Віктараўну Залатар, маці пяцярых непаўналетніх дзяцей, асуджаную на 4 гады пазбаўленьня волі, і журналіста Дзяніса Яўгенавіча Івашына, асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі», — піша ў лісьце Пазьняк.
Разам з гэтым Пазьняк лічыць, што публічны ліст не найлепшы спосаб у такой важнай справе.
«Я не валодаю ўладай і па сваім статусе ня ў стане выкарыстаць мэтады дыпляматыі, прыдатныя ў гэтым выпадку. Зьвяртаюся наўпрост, абапіраючыся толькі на свой аўтарытэт сярод адданых для Беларусі людзей і не забыты ва Ўкраіне. Такі абмен магчымы. Ён будзе добрым для ўсіх.
Зычу шчасьця людзям Беларусі і шчасьця людзям Украіны, каб будучыня нашых народаў была вольнай, сьветлай, дружнай і прыгожай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто з кім і супраць каго сябруе ў беларускіх дэмакратычных сілах. Тлумачым у ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Беларусі, выглядае, ліквідаваў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю — БНФ