У Кіеве адрэгавалі на затрыманьне расейскімі вайскоўцамі турэцкага карабля ў Чорным моры

Судна Sukru Okan пад сьцягам Палау праходзіць транзытам Басфор у Стамбуле

Кіеў заклікаў міжнародную супольнасьць зрабіць усё, каб папярэдзіць перашкоды Расеі ажыцьцяўляць мірнае праходжаньне караблёў у Чорным моры.

Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала сваіх міжнародных партнэраў узмацніць высілкі для захаваньня функцыянаваньня Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы і пазбавіць Расею магчымасьцяў блякаваць міжнародныя маршруты да ўкраінскіх партоў.

«ВМС Расеі груба парушылі Статут ААН, Канвэнцыю ААН аб марскім праве і іншыя нормы міжнароднага права. Такія дзеяньні сталі чарговым прыкладам мэтанакіраванай палітыкі Расеі ў стварэньні пагроз свабодзе навігацыі і бясьпецы гандлёвага мараплаўства ў Чорным моры», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны ў сувязі са спыненьнем Расеяй 13 жніўня турэцкага гандлёвага карабля Sukru Okan.

МЗС Украіны выказала падтрымку і салідарнасьць з Турэччынай і заклікала міжнародную супольнасьць зрабіць усё, каб папярэдзіць перашкоды Расеі ажыцьцяўляць мірнае праходжаньне караблёў у Чорным моры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея стралянінай спыніла ў Чорным моры карабель, які плыў ва ўкраінскі порт

Сухагруз Sukru Okan пад сьцягам малой астраўной дзяржавы Палаў, што ў Акіяніі, накіроўваўся 13 жніўня ў порт Ізмаілу.

Расейскі патрульны карабель адкрыў страляніну на папярэджаньне. Як патлумачылі ў Міністэрстве абароны Расеі, агонь адкрылі нібыта таму, што сухагруз праігнараваў патрабаваньне расейцаў аб спыненьні і надглядзе.

Для надгляду сухагрузу ў паветра паднялі верталёт Ка-29 з вайскоўцамі на борце.

Пасьля праверкі сухагруз адпусьцілі і ён накіраваўся далей у Ізмаіл.

Раней расейцы абстрэльвалі порт у Ізмаіле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне абвясьцілі часовыя калідоры для гандлёвых караблёў, якія выходзяць з адэскіх партоў

10 жніўня Кіеў паведаміў, што ў Чорным моры запрацаваў часовы калідор. Ён і падобныя маршруты будуць перадусім выкарыстоўвацца для забесьпячэньня магчымасьці выхаду цывільных суднаў з украінскіх партоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румынія абвінаваціла Расею ў ваенных злачынствах пасьля абстрэлаў гандлёвага порту Ізмаіл
  • Угоду, якая давала магчымасьць вывозіць збожжа з заблякаваных Расеяй чарнаморскіх партоў, падпісалі летась у ліпені пры спрыяньні Турэччыны і ААН. Пагадненьне падаўжалі некалькі разоў. Апошні раз — 17 траўня.
  • Адной з умоваў, якія выстаўляла Расея для падаўжэньня збожжавай угоды, было перападлучэньне «Россельхозбанка» да міжнароднай сыстэмы апрацоўкі банкаўскіх плацяжоў SWIFT, ад якой ён быў адлучаны праз санкцыі. Таксама Масква настойвала на ліквідацыі перашкодаў для экспарту расейскага збожжа, угнаеньняў і паставак аміяку ў Эўропу цераз Украіну.
  • На пачатку чэрвеня Ўкраіна абвінаваціла Расею ў новым прыпыненьні збожжавай ініцыятывы. У Кіеве сьцьвярджалі, што расейскі бок заблякаваў рэгістрацыю караблёў ува ўсіх украінскіх партах, і назвалі гэтыя дзеяньні «грубым парушэньнем» дамоўленасьцяў.
  • У ліпені Расея заявіла пра аднабаковы выхад з збожжавых дамоўленасьцяў і папярэдзіла, што ўсе караблі ў Чорным моры будзе разглядаць як ваенныя цэлі.