Блашчака цытуе партал wpolityce. pl:
«Я вырашыў стварыць вайсковую апэратыўную групу для апэрацыі „Rengaw“ непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю. Мэтай апэрацыі зьяўляецца навучаньне Войска Польскага ў Падляскім ваяводзтве недалёка ад мяжы, а таксама стварэньне рэзэрваў на выпадак пагаршэньня сытуацыі».
Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны наведаў Ярылаўку на Падлясьсі, дзе знаходзіцца часовы лягер сілаў, дысьлякаваных на мяжы з Беларусьсю.
Паводле Блашчака, актуальная сытуацыя на мяжы трывожная:
«Няма сумневаў, што мяжа Польшчы ў небясьпецы. Мы назіраем працяглы ціск на польскай мяжы, спробы нелегальна перасекчы мяжу мігрантамі, якіх да гэтага заахвочвае беларускі рэжым. Няма сумневаў, што беларускі рэжым супрацоўнічае з Крамлём. Гэтая акцыя накіраваная супраць Польшчы з мэтай дэстабілізацыі нашай краіны. Перакананы, што гэтая акцыя праваліцца дзякуючы службе Войска Польскага і ўсяго, што зьвязана з умацаваньнем мяжы зь Беларусьсю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць вельмі просты спосаб». У МЗС Польшчы пракамэнтавалі заявы Лукашэнкі ад «наладжваньні адносінаў з Польшчай»Міністар абароны нагадаў, што пад камандаваньнем памежных войскаў праводзіцца апэрацыя «Gryf», накіраваная на закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю.
«У гэтай апэрацыі возьмуць удзел да 4 000 салдат Войска Польскага, якія падтрымліваюць Памежную службу. Але я таксама прыняў рашэньне стварыць ваенную апэратыўную групу для апэрацыі «Rengaw» — дадаў Марыюш Блашчак.
Раней паведамлялася, што Польшча накіруе на ўсходнюю мяжу 2 000 салдат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сорак мігрантаў спрабавалі прарвацца ў Польшчу зь Беларусі і закідвалі памежнікаў камянямі. На мяжу адправілі вадамёт- 8 жніўня Міністэрства абароны Польшчы ўзгадніла адпраўку да мяжы зь Беларусьсю дадатковага воінскага кантынгенту — пасьля адпаведнага запыту памежнай службы.
- Днём раней польскае Міністэрства ўнутраных спраў паінфармавала, што ў просьбе аб узмацненьні гаварылася пра неабходнасьць разьмясьціць на мяжы дадаткова адну тысячу вайскоўцаў.
- Як адзначае Reuters, Польшча раней пачала ўзводзіць на ўчастку мяжы зь Беларусьсю загароды, абсталяваныя сродкамі электроннай абароны.
- Улады Польшчы заяўлялі, што ў апошнія тыдні каля мяжы заўважаныя байцы расейскай ПВК «Вагнэр». Прэм’ер Матэвуш Маравецкі зьвязаў сытуацыю са спробамі дэстабілізаваць становішча на ўсходнім флянгу NATO.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.