Як расказвае каардынатарка Фонду, калі першапачаткова, у 2020-ым, зборы на дапамогу рэпрэсаваным мэдыкам былі вялікія і да канца 2021 году было шмат данатаў, дык з узмацненьнем рэпрэсій у Беларусі і перасьледам за данаты ахвяраваньняў стала менш. Тым часам рэпрэсіі супраць мэдыкаў, неляяльных уладзе, працягваюцца.
«Арышты і звальненьні сталі, на жаль, штодзённасьцю. Нягледзячы на вялізны дэфіцыт, мэдыкаў усё роўна пазбаўляюць працы з палітычных матываў. Ёсьць „чорныя сьпісы“ у Мінздароўя. Паколькі наша сыстэма цэнтралізаваная, вельмі лёгка прасачыць за чалавекам, і ўсё роўна, урач ці мэдсястра ўнесены ў сьпіс — чалавек фактычна пазбаўляецца права на працу», — кажа яна.
Паводле яе, калі на пачатку пратэстаў Фонд найперш надаваў рэпрэсаваным мэдыкам фінансавую дапамогу, дык з 2022 году стала вельмі шмат зваротаў па пытаньнях рэлякацыі, працаўладкаваньня і легалізацыі ў іншых краінах. У 2023 годзе ў параўнаньні з папярэднімі значна больш людзей зьвяртаецца за інфармацыяй аб працаўладкаваньні.
«Сёньня немагчыма палічыць колькасьць тых, хто выехаў, але велізарная колькасьць лекараў проста ціхенька зьбіраюць рэчы, рыхтуюць дакумэнты, пераводзяць іх і асьцярожна зьяжджаюць. Вядома, ёсьць агульная статыстыка па беларусах, якія зьехалі ў Эўропу за апошнія тры гады, а ў нас ёсьць колькасьць апрацаваных заявак і аб’ём нададзенай дапамогі, але гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальныя маштабы эміграцыі мэдыкаў», — адзначае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі засталося лекараў, як улады маніпулююць лічбамі і як за два месяцы магло зьявіцца 990 новых паліклінікПаводле яе, звальненьні ідуць «пэрманэнтна, прыкладна на адным узроўні», але трэба ўлічваць, што агулам у Беларусі пагаршаецца эканамічнае становішча, умовы працы мэдыкаў, што дадаткова стымулюе эміграцыю і рост колькасьці зваротаў.
«У мэдыцынскім асяродзьдзі пануюць моцныя настроі альбо сысьці з прафэсіі, альбо зьехаць. Гэта вялізная бяда. Звальняюцца і зьяжджаюць найбольш таленавітыя людзі, якія ведаюць мовы, бывалі на канфэрэнцыях, разумеюць, як працуе сыстэма аховы здароўя ў Эўропе. Людзі і іх веды — гэта беларускі скарб, і мы яго губляем», — падкрэсьлівае каардынатарка Фонду мэдыцынскай салідарнасьці Беларусі.
Паводле яе, бліжэйшая і самая папулярная краіна, куды едуць беларускія мэдыкі, — Польшча, дзе больш прыдатныя ўмовы і не такі сурʼёзны моўны барʼер. Паколькі ў мэдыкаў быў масавы запыт на інфармацыю аб асаблівасьцях пераезду і легалізацыі, і Фонд стварыў гайды (яны ёсьць на сайце bymedsol.org) для пяці краін — Польшчы, Літвы, Швэцыі, Чэхіі і Вялікай Брытаніі. Таксама ёсьць спэцыяльны бот, дзе мэдыкі могуць задаваць пытаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянавае зьнішчэньне мэдыцыны сілавікамі», — доктар Рустам Айзатулін пра масавыя затрыманьні траўматолягаў-артапэдаўПра стварэньне Фонду мэдыцынскай салідарнасьці Беларусі, які заняўся дапамогай рэпрэсаваным мэдыкам, публічна абвясьцілі 3 лістапада 2020 году, але праца ў гэтым кірунку пачалася раней.
У 2020-22 гадах Беларускі фонд мэдыцынскай салідарнасьці апрацаваў 711 заявак. 113 чалавек атрымалі фінансавую дапамогу на агульную суму 93 950 эўра, аплачана праца адвакатаў на 4 300 эўра. Тым, хто адбываў адміністрацыйны арышт, фонд выплаціў 9 500 эўра. Пакрыта 38 штрафаў на 12 200 эўра, надалі дапамогу 53 звольненым (зь пераездам) на 64 650 эўра. Цяпер Фонд пераважна займаецца адраснымі зборамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацела заставацца ў Беларусі і лячыць сваіх пацыентаў». Гісторыя пэдыятаркі, якая трапіла ў «чорныя сьпісы» мэдыкаў