«Яго хацелі забіць у Аленаўцы, падарылі Кадыраву, але гаспадыня змагла яго вярнуць». Гісторыя сабакі Адольфа з Марыюпаля

Адольф

Адольф — сабака пароды амэрыканскі стафардшырскі тэр’ер. Ён нарадзіўся сем гадоў таму ў Марыюпалі. Калі яму было тры месяцы, яго ўзяла сямʼя Сірык. Сваю мянушку ён атрымаў ад бацькоў, якіх звалі Ада і Ральф: шляхам складаньня літар яго назвалі Адольфам. Гісторыю сабакі распавяла «Настоящему времени» яго гаспадыня, 44-гадовая Ірына Сірык. Пераказваем яе ў скароце.

Да пачатку поўнамаштабнай вайны Адольф быў неразлучны са сваімі гаспадарамі, вайскоўцамі палка «Азоў». Ірына Сірык (пазыўны «Валькірыя») пачала служыць у Нацгвардыі ў 2018 годзе, яе муж — у 2014-м. У лютым 2022 году да іх далучыўся і малодшы сын Ірыны ад першага шлюбу.

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну жыцьцё сямʼі кардынальна зьмянілася — звыклы дом прыйшлося зьмяніць на падвалы і бункер, а прагулкі з сабакам на вуліцы замяніць выхадам на першы, ужо разбураны паверх аднаго з будынкаў «Азоўсталі». Выходзіць на вуліцу было забаронена з прычыны бесьперапынных абстрэлаў, і каб не «засьвяціць» пазыцыі палка.

Падчас абароны Марыюпаля Адольф усюды суправаджаў «Валькірыю» — спачатку на пазыцыях палка, а пазьней і на «Азоўсталі», апошняй апоры абароны горада. «Мне здаецца, ён усё разумеў і падтрымліваў як мог», — кажа Ірына.

Падчас абстрэлу з карабельнай артылерыі Адольф і Ірына атрымалі раненьні і кантузію.

Падчас абстрэлу з карабельнай артылерыі Адык атрымаў раненне і кантузію

«Ён некалькі дзён быў не ў сабе — Адзік хадзіў як пʼяны з моцным галавакружэньнем», — узгадвае гаспадыня сабакі.

З таго моманту сабака баіцца цемры і спускацца па прыступках.

«Спачатку з Адыкам было складана [пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны]. Ён вельмі баяўся выбухаў, — успамінае Ірына. — Як толькі нешта выбухала, ён падскокваў, глядзеў на мяне круглымі вачыма, не разумеў, што адбываецца, і спрабаваў кудысьці зьбегчы. Калі мы ўжо былі ў бункеры „Азаўсталі“, то яго гэта ня так палохала».

17 траўня 2022-га на загад вышэйшага камандаваньня абаронцы «Азоўсталі» выйшлі ў палон. Сярод іх — Ірына, яе муж, сын і сабака Адольф. У турме ў Алёнаўцы Данецкай вобласьці жанчыне прапаноўвалі застрэліць сабаку, але ёй удалося пераканаць расейскіх вайскоўцаў не рабіць гэтага.

«У мяне было з сабой крыху грошай. Казала, што магу патэлефанаваць сястры ва Ўкраіну і яна вышле колькі трэба: „Толькі не забівайце — пакіньце яго!“ — успамінае Ірына. — Мы дамовіліся, што яны аддадуць яго на ператрымку на той пэрыяд часу, пакуль я буду знаходзіцца ў турме».

Ірына перажывала за жыцьцё сабакі, таму вырашыла зьмяніць яго мянушку з Адольфа на Адыдас. Яна думала, што расейскія вайскоўцы застрэляць яго, калі даведаюцца першапачатковую мянушку, вырашаць, што Адзік названы ў гонар Адольфа Гітлера.

19 траўня сабаку забралі ў жанчыны і ў якасьці трафэя падарылі кіраўніку Чачэніі Рамзану Кадыраву. Кадыраў адразу ж даў сабаку новую мянушку — Борз (з чачэнскага перакладаецца як «воўк») і пасьмяяўся з таго, што палонная жанчына паабяцала свайму сабаку знайсьці яго.

«Калі мне сказалі, што Адзіка падарылі Кадыраву, то я ўжо і не спадзявалася ўбачыць яго жывым, — кажа яна. — Чакала, што мне пакажуць відэа зь яго катаваньнямі і забойствам».

Адольф у Рамзана Кадырава

Празь нейкі час пасьля разьвітаньня з Адольфам Ірыну перавезьлі ў Таганрог. У ізалятары яна перажыла катаваньні. Яна расказвае, што яе і сукамэрніц білі, прымушалі прысядаць, ставілі ў расьцяжку тварам да сьцяны.

«Адзін раз яны мяне ўдарылі галавой аб сьцяну, бо ім не спадабалася, як я стаяла, — кажа Ірына. — Дрэнна кармілі, на вуліцу выводзілі раз на тыдзень на 5 хвілін а 6-ай раніцы. Бягом нам трэба было бегчы па прыступках з заплюшчанымі вачыма, пры гэтым сагнуўшыся напалову, амаль да каленяў. Калі ня так нізка галаву нахіляў, як ім трэба было, то нас білі паліцэйскімі дубінкамі». На паход у душ — пяць хвілін, раз на тыдзень. на камэру з траіх чалавек выдавалі кавалачак гаспадарчага мыла:

Яшчэ ў Аленаўцы журналісты тэлеканала НТВ зьнялі прапагандысцкі фільм пра Ірыну «Валькірыю» і яе сямʼю. У фільме Ірыну называюць «багіняй сьмерці Зяленскага» і «жанчынай-карацелем». Сярод герояў стужкі — і сам Адольф. На думку расейскіх прапагандыстаў, сабака — «адзіны чалец сямʼі Сірыкаў, які сапраўды стаў на шлях выпраўленьня», трапіўшы да Кадырава і атрымаўшы новую мянушку. Ірына падкрэсьлівае, што пагадзілася паразмаўляць з прадстаўнікамі НТВ дзеля 10-хвіліннай сустрэчы з сынам і мужам.

31 сьнежня 2022-га падчас абмену палоннымі Ірына Сірык вярнулася дадому. У гэты ж дзень Шамсаіл Сараліеў, дэпутат расейскай Дзярждумы з Чачэніі, прывёз Адольфа і перадаў яго Ірыне. У расстаньні з гаспадарамі сабака знаходзіўся больш за 7 месяцаў. Сараліеў сказаў Ірыне, што сабака вельмі сумаваў па ёй, па радзіме, дрэнна еў, таму, паглядзеўшы на паводзіны сабакі, яны вырашылі яго вярнуць.

Жанчыне давялося на камэру дзякаваць лідэру Чачэніі Рамзану Кадыраву. «Мне сказалі: «Ты ж разумееш, што табе трэба падзякаваць [Кадыраву] за тое, што табе яго вярнулі», — распавядае яна.

Вікторыя з Адольфам

За час знаходжаньня ў Чачэніі Адольф моцна схуднеў — да пачатку поўнамаштабнай вайны ён важыў 35 кіляграмаў, а па вяртаньні з палону — 24. Ірына ня ведае, як да сабакі ставіліся ў Чачэніі, аднак украінскія вэтэрынары выявілі ў яго мноства праблем са здароўем: праблемы са сьпінай і заднімі лапамі, а таксама невылечную хваробу — атаксію [парушэньне ўзгодненасьці рухаў розных цягліц]. Мэдыкі лічаць, што захворваньне праявілася ў яго з прычыны перажытага стрэсу, дадае Ірына.

Паводле яе, лекары мяркуюць, што сабака шмат разоў падаў, а праблемы са здароўем маглі пагоршыцца з прычыны пастаяннага знаходжаньня Адольфа ў маленькай клетцы, дзе ён мог толькі сядзець або ляжаць у нязручным для яго становішчы.

Пасьля расейскага палону стан Ірыны таксама пагоршыўся — у яе зьявіліся эндакрынныя праблемы, пашкоджаньні каленных суставаў, праблемы з сэрцам і нэрвовай сыстэмай. Таму зараз жанчына працуе ў тыле мэдыцынскай службы палка «Азоў». Муж Ірыны і сын ад першага шлюбу да гэтага часу знаходзяцца ў расейскім палоне.

У Адольфа ёсьць старонка ў Інстаграме — у сацсетцы Ірына Сірык дзеліцца фота і відэа з жыцьця сабакі. Яна падсумоўвае, што Адзік — сабака з характарам, трохі капрызны і расьпешчаны. Ён нават ня змог прайсьці курс паслушэнства — пакусаў кіноляга. «Ён наогул разумее, што кажуць, і выконвае каманды, але ўсё роўна робіць усё, як яму хочацца», — кажа Ірына.