Што адбываецца зь беларускім рублём. Меркаваньне эканамісткі Лузгіной

Ілюстрацыйнае фота

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна аналізуе галоўныя чыньнікі валютнага рынку, адзначае пагаршэньне сытуацыі з гандлёвым сальда Беларусі, канстатуе, што рост даходаў і танныя крэдыты ствараюць стратэгічныя ўмовы для падзеньня курсу беларускага рубля.

Сьцісла:

  • Неўзабаве адбудзецца як мінімум стабілізацыя курсу расейскага рубля да даляра.
  • Пакуль Нацыянальны банк Беларусі не адступае ад сваёй стратэгіі трымацца свабоднага гнуткага курсу беларускага рубля.
  • Адмоўнае гандлёвае сальда і рост даходаў будуць моцна ціснуць на стабільнасьць курсу беларускага рубля.
  • На фоне эміграцыі тым, хто застаўся ў Беларусі, падвышаюць заробкі — бо няма каму працаваць.​

Анастасія Лузгіна

— Апошнімі днямі назіраецца даволі істотнае падзеньне курсу беларускага рубля да даляра. 30 ліпеня даляр каштаваў 3 рублі, а зараз ужо 3,18. Калі ж глядзець ад пачатку году, то ў студзені курс быў 2,6 – то бок упаў на сёньня больш чым на 20 працэнтаў. Чым гэта выклікана? Гэта часовая зьява ці грунтоўная і стратэгічная тэндэнцыя?

— Найперш гэтыя працэсы трэба тлумачыць уплывам падзеньня расейскага рубля. Калі глядзець на кошык валют, то беларускі рубель умацаваўся да расейскага, але ўпаў да даляра ЗША. З улікам таго, што расейскі рубель займае 60 працэнтаў так званага «валютнага кошыку», – у цэлым падзеньня беларускага рубля не адбылося.

Так што зараз беларускі рубель ідзе ўсьлед за расейскім стасоўна даляра і эўра. Зразумела, ён не паўтарае дакладна ўсю дынаміку расейскага рубля, але ў цэлым адпавядае гэтай тэндэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даляр і эўра перавысілі найвышэйшыя паказьнікі за паўтара года

— Аднак беларусы традыцыйна арыентуюцца на курс даляра, – часам нават ня ведаючы, што там з расейскім рублём. І калі адбываецца падзеньне менавіта да даляра, то беларусы пачынаюць хвалявацца. Наколькі заканамернае такое рэзкае падзеньне расейскага рубля, чаго там варта чакаць?

– Яно заканамернае, бо істотна пагоршылася замежнагандлёвае сальда ў Расеі – дзякуючы санкцыям і зьніжэньню сусьветных цэнаў на энэргарэсурсы, і на фоне паступовага росту імпарту. Як далей будзе паводзіць сябе расейскі рубель? Такога рэзкага падзеньня, хутчэй за ўсё, ужо ня будзе. Па-першае, пачынае зноў даражэць нафта. Па-другое, жнівень – заканчэньне падатковага пэрыяду, экспартэры прадаюць сваю выручку, каб плаціць падаткі. Цэнтрабанк Расеі ўжо падвысіў уліковую стаўку, – што ў пэўнай ступені будзе спрыяць падтрымцы рубля. Так што, мяркую, неўзабаве мы ўбачым як мінімум стабілізацыю курсу расейскага рубля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы санкцыяў: «БСБ Банк» мяняе валюту разьлікаў па картах Mastercard на злоты, «Белгазпрамбанк» адкрывае ўклады ў юанях

— Ці будуць улады Беларусі спакойна назіраць за падзеньнем беларускага рубля да даляра?

– Пакуль Нацыянальны банк Беларусі не адступае ад сваёй стратэгіі трымацца свабоднага гнуткага курсу рубля, якія фармуецца рынкам. Адзінае, што часам робіць Нацыянальны банк, – прадае валюту на рынку. Але невялікія сумы, бо нашы золатавалютныя рэзэрвы не такія і вялікія.

Што да заробкаў, то, сапраўды, беларусы звыкліся лічыць заробак у далярах. Але гэта далёка не заўсёды адлюстроўвае пакупніцкую здольнасьць. Сёлета заробкі ў Беларусі растуць даволі заўважнымі тэмпамі. Але гэты рост можа адмоўна адбіцца на эканоміцы, у выніку чаго курс беларускага рубля зьнізіцца.

Існуюць пагрозы, што ў бліжэйшай пэрспэктыве на курс беларускага рубля пачнуць уплываць ужо ўласнабеларускія чыньнікі. Перш за ўсё той самы рост даходаў насельніцтва. І другое – танныя крэдыты стымулююць рост імпарту, мы гэта бачым у замежным гандлі. Беларускае замежнагандлёвае сальда ў студзені–чэрвені 2022 году было станоўчым на 2,5 мільярда даляраў, а за паўгода 2023 – усяго 167 мільёнаў. І цалкам магчыма, што ў найбліжэйшы час сальда ўвогуле стане адмоўным. Тады будзем назіраць моцны ціск на курс беларускага рубля.

– А ў цэлым, стратэгічна, беларускі рубель пераацэнены альбо недаацэнены?

– На сёньня курс утвараецца рынкавымі мэтадамі і ў цэлым адпавядае кошту. Але, паўтару, могуць зьявіцца ўмовы для ягонага стратэгічнага падзеньня, перш за ўсё зьмены ў замежнагандлёвым сальда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хачу дадому». Беларускія гастарбайтэры расказалі, як праца прымусіла іх сем’і жыць на дзьве краіны

– А ці не пачаў Нацыянальны банк друкаваць празьмерна шмат грошай?

– Ёсьць праблема, што расьце доля наяўных грошай у абароце, – хоць яна застаецца ў прынцыпе невялікай. Баяцца трэба таго, калі Нацыянальны банк пачне напампоўваць банкі грашыма – тады гэта абавязкова выплюхнецца на рынак. Цяпер грашова-крэдытная палітыка даволі мяккая: Нацыянальны банк зьніжае стаўкі, і гэта стымулюе самыя банкі зьніжаць стаўкі крэдытаў. Прадпрыемствы і насельніцтва ў выніку актыўна бяруць крэдыты, гэтыя грошы ідуць у эканоміку.

Зь іншага боку, адбываецца рост імпарту.

– То бок як толькі ў людзей растуць даходы, яны замест таго, каб «купляць беларускае», купляюць імпарт?

– Так, людзі з ростам даходаў пераключаюцца на нешта больш якаснае. А гэта найчасьцей імпарт.

Прычым калі раней дзяржава стымулявала рост даходаў, то цяпер гэта ідзе «зьнізу», ад бізнэсу і прадпрыемстваў. На фоне эміграцыі зь Беларусі дзясяткаў тысяч людзей шмат дзе літаральна няма каму працаваць. Хоць і даходы бюджэтнікаў таксама растуць у пэўных сфэрах – напрыклад, у ахове здароўя. Гэта, відавочна, таксама зьвязана з дэфіцытам кадраў у галіне.

Гэта палітыка, якая разганяе эканамічны рост, і ён сёлета ёсьць. Але ўсё гэта пагражае перагрэвам эканомікі. Колькасьць працаўнікоў у нас абмежаваная, колькасьць машын і станкоў таксама абмежаваная. Зараз бізнэс падвышае заробкі людзям, каб знайсьці супрацоўнікаў, бо іх бракуе. Выдаткі на прадпрыемствах растуць, значыць, і кошт прадукцыі расьце. Гэта вядзе да інфляцыі. А паколькі многія цэны рэгулююцца дзяржавай – то гэта ў выніку сканчаецца інфляцыйным назапашваньнем, якое так ці іначай выльецца на рынак у будучыні і будзе ціснуць на курс рубля.