У газэце Гомельскага раёна «Маяк» зьмяніўся галоўны рэдактар, але не зьмянілася рэдакцыйная палітыка. Як і раней, калёнка галоўнага рэдактара стракаціць мовай нянавісьці да праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, піша выданьне «Флагшток» і расказвае, хто цяпер стаіць за прапагандысцкімі тэкстамі гомельскай раёнкі.
Пасьля зацьвярджэньня ў студзені 2023 году былой галоўнай рэдактаркі «Маяка» Ірыны Канавалавай кіраўніком Гомельскага гарадзкога радыё 107.4 FM пасада галоўнага рэдактара раённага выданьня заставалася вакантнай на працягу амаль паўгода. Цяпер галоўным рэдактарам зацьвердзілі Вікторыю Футрыну, якая прыйшла ў выданьне толькі ў пачатку 2022 году.
Як і яе папярэдніца, Вікторыя Футрына да прыходу ў «Маяк» ня мела дачыненьня да прафэсійнай журналістыкі. Ураджэнка Рэчыцы, яна ў 2013 годзе паступіла на юрыдычны факультэт ГДУ ім. Ф Скарыны. Там стала актывістскай БРСМ, што і вызначыла яе будучую кар’еру.
Працягнуўшы працу ў БРСМ пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту, Футрына брала ўдзел у стварэньні прапагандысцкіх патрыятычных ролікаў для мясцовых СМІ, паралельна яе прыцягнулі да прафсаюзнай працы. Яна стала інспэктарам працы Гомельскага раённага абʼяднаньня „афіцыйных“ прафсаюзаў, пра што яна расказвае на старонках «Маяка», падпісваючыся сваім дзявочым прозьвішчам Лапіцкая.
У чэрвені 2022 году Футрына прайшла курсы павышэньня кваліфікацыі для журналістаў у ГДУ. І ў гэты ж час на старонках «Маяка» пачалі зьяўляцца яе першыя прапагандысцкія тэксты.
Шлях ад журналісткі-пачаткоўцы да галоўнага рэдактара раённай газэты заняў крыху больш за год. У гэты час Футрына пачала больш актыўна выкарыстоўваць мову нянавісьці ў сваіх публікацыях. У прыватнасьці, у матэрыялах прапагандысткі сталі зьяўляцца фэйкавыя карцінкі, якія абражаюць прэзыдэнта Ўкраіны.
У сваіх тэкстах Футрына называе беларусаў, якія эмігравалі, «адшчапенцамі» і «бамжамі», піша «Флагшток», а таксама разважае пра жыцьцё ў «чужой і абыякавай да ўцекачоў Эўропе» тых, каго ў Беларусі пазбавяць грамадзянства, ды адзначае, што «ніколі ня позна адумацца» і вярнуцца дахаты.
- За час пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі фактычна ўсе незалежныя мэдыя прызналі «экстрэмісцкімі» і заблякавалі. Дзяржаўныя СМІ тым часам усё больш актыўна і непрыхавана выконваюць ролю прапаганды рэжыму Лукашэнкі.
- Многія незалежныя журналісты пасьля выбараў 2020-га зазналі перасьлед, затрыманьні, сталі фігурантамі крымінальных спраў. Беларуская асацыяцыя журналістаў за тры апошнія гады зафіксавала 3 тысячы фактаў рэпрэсіяў супраць журналістаў.
- На канец ліпеня 2023 году ў месцах зьняволеньня знаходзіліся 36 прадстаўнікоў незалежных беларускіх СМІ.