На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» дэмакратычныя сілы прынялі чатыры дакумэнты, паведаміла 10 жніўня прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай. Яны тычацца стратэгіі дэмакратычных сіл, «эўрапейскага выбару» для Беларусі, салідарнасьці з Украінай і непрызнаньня выбараў 2024 году.
Прынятыя наступныя дакумэнты:
1. «Заява аб выбарах 2024 году», якая заклікае грамадзян Беларусі ня ўдзельнічаць у кампаніі, арганізаванай уладамі, а міжнародную супольнасьць — не прызнаваць яе вынікі.
У ёй дэмакратычныя сілы Беларусі не прызнаюць легітымнасьць прызначаных на 25 лютага 2024 году так званых парлямэнцкіх і мясцовых «выбараў» і заклікаюць:
- выбарнікаў — байкатаваць выбары, ня ўдзельнічаць у іх імітацыі,
- міжнародныя арганізацыі і грамадзкасьць — не прызнаваць іх вынікі;
- арганізацыі грамадзянскай супольнасьці — правесьці грамадзкую кампанію сярод беларусаў пра тое, чаму гэтыя «выбары» незаконныя, і прапанаваць грамадзянам бясьпечную форму выказваньня сваёй нязгоды з правядзеньнем «выбараў 2024»;
- палітычныя арганізацыі і рухі — правесьці інфармацыйную кампанію для прасоўваньня пераменаў у Беларусі;
- прыхільнікаў дэмакратычных перамен — выказаць свой пратэст супраць «выбараў 2024» і далучыцца да альтэрнатыўнай аб’яднанай кампаніі дэмакратычных сілаў.
Варта адзначыць, што падчас канфэрэнцыі ў некаторых яе ўдзельнікаў узьніклі пытаньні да гэтага дакумэнту і было прапанавана дадаткова вынесьці яго на шырокае абмеркаваньне і галасаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбылася канфэрэнцыя «Новая Беларусь 2023». ТЭКСТ, ФОТА, ВІДЭА2. «Палітычная дэклярацыя дэмакратычных сіл Беларусі», якая акрэсьлівае ключавыя моманты стратэгічнай працы, што павінна прывесьці да дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі.
У ёй дэмакратычныя сілы прымаюць і абавязваюцца рэалізаваць агульную стратэгію, якая ўключае ў сябе:
- адхіленьне ад улады рэжыму Лукашэнкі;
- спыненьне саўдзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны і падтрымку Ўкраіны ў абароне сваёй незалежнасьці;
- вывад усіх расейскіх войскаў, у тым ліку наймітаў расейскіх ПВК, вайсковых аб'ектаў і ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі;
- выхад Беларусі з усіх саюзаў з агрэсарам: саюзнай дзяржавы, АДКБ і ЭАЭС;
- вызваленьне ўсіх палітвязьняў;
- усебаковую падтрымку беларускіх добраахвотніцкіх фармаваньняў ва Ўкраіне і актывістаў у Беларусі;
- замяшчэньне прадстаўнікоў рэжыму ў міжнародных арганізацыях прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў;
- перамовы аб асацыяцыі Беларусі з ЭЗ;
- прыцягненьне да адказнасьці Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў рэжыму, адказных за злачынствы супраць чалавечнасьці, ваенныя злачынствы і злачынствы агрэсіі;
- выкарыстаньне санкцыяў як аднаго з інструмэнтаў ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай абмежаваньня ягоных магчымасьцяў для саўдзелу ў вайне супраць Украіны на баку Расеі;
- распрацоўку шэрагу рэформаў для ўстойлівага разьвіцьця дэмакратычнай Беларусі;
- пераход дзяржаўных службоўцаў на бок народа і падрыхтоўку кадраў Новай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна Беларусь — дзьве рэальнасьці. Чым была адметная Варшаўская канфэрэнцыя дэмакратычных сілаў
3. «Дэклярацыя аб сяброўстве Беларусі ў Эўразьвязе» — яна дэкляруе геапалітычны выбар Беларусі і заклікае дэмакратычныя сілы да супрацоўніцтва з Эўразьвязам у розных сфэрах.
У ім дэмакратычныя сілы Беларусі выказваюць сваё імкненьне да сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, вітаюць пачатак супрацоўніцтва Беларусь — ЭЗ у межах нядаўна створанай Кансультатыўнай групы, Кантактнай групы па Беларусі Рады Эўропы, але заклікаюць ЭЗ да «якаснага падвышэньня ўзроўню стасункаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі» і ў якасьці «найважнейшых крокаў па разьвіцьці супрацоўніцтва» прапануюць
- правесьці Канфэрэнцыю высокага ўзроўню ЭЗ — Беларусь з мэтай узгадненьня і прыняцьця канкрэтнага пляну дзеяньняў стратэгічнага супрацоўніцтва;
- прызнаць нацыянальны пашпарт Новай Беларусі;
- увесьці бязьвізавы рэжым для грамадзян Беларусі.
4. «Рэзалюцыя дэмакратычных сілаў Беларусі аб салідарнасьці з народам Украіны» — маніфэст падтрымкі ўкраінскага народу ў барацьбе супраць пуцінскай Расеі і асуджэньне рэжыму Лукашэнкі як памагатага агрэсіі.
У ім выказваюць салідарнасьць з народам Украіны, асуджаюць падтрымку вайны рэжымам Лукашэнкі і падтрымліваюць намаганьні Ўкраіны і міжнароднай супольнасьці па стварэньні Спэцыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбуналу за злачынства агрэсіі, які таксама будзе мець юрысдыкцыю ў дачыненьні да вышэйшага вайсковага і палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі.
Адзначаецца, што ўсе матэрыялы былі распрацаваныя на круглым стале дэмакратычных сілаў напярэдадні канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь 2023». Фотарэпартаж