Парлямэнт Украіны заклікаў замежныя дзяржавы абмежаваць уезд на іхную тэрыторыю спартоўцаў зь Беларусі і Расеі

Галасаваньне ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Архіўнае фота

Дэпутаты таксама заклікалі прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона не дапусьціць на сваю тэрыторыю «рашыстаў і беларусаў, якія пад выглядам спорту вядуць антычалавечую прапаганду».

Вярхоўная рад Ўкраіны ўхваліла зварот да лідэраў і парлямэнтаў замежных дзяржаваў з заклікам абмежаваць уезд на іхную тэрыторыю спартоўцаў і спартовых дэлегацыяў зь Беларусі і Расеі.

«У Расеі і Беларусі спорт ёсьць складнікам дзяржаўнай прапаганды вайны. Большасьць іхных спартоўцаў — прадстаўнікі сілавых структураў, а частка зь іх бярэ непасрэдны ўдзел у баявых дзеяньнях. Яны не павінны браць удзел у міжнародных спаборніцтвах нават пад нэўтральным сьцягам», — заявіла дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка.

Паводле яе, у звароце заклікалі прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона і ўсіх адказных асобаў не дапусьціць на сваю тэрыторыю «рашыстаў і беларусаў, якія пад выглядам спорту вядуць антычалавечую прапаганду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх і расейскіх спартоўцаў адхілілі ад тэніснага турніру ў Празе

13 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна заявіў, што не запросіць Беларусь і Расею да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Парыжы ў 2024 годзе. Такое рашэньне прынялі ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі МАК для спорту ў дзьвюх краінах з прычыны вайны ва Ўкраіне.

На практыцы рашэньне МАК азначае, што Беларусь і Расея дакладна ня выступяць на Алімпіядзе пад сваімі сьцягамі. Разам з тым раней МАК дазволіў міжнародным фэдэрацыям у розных відах спорту дапускаць прадстаўнікоў дзьвюх краін у нэўтральным статусе — значыць, безь дзяржаўных сьцягоў, знакаў на форме і гімнаў.

Акрамя Беларусі і Расеі, афіцыйнага запрашэньня на Алімпіяду ў Парыжы не атрымае Гватэмала. Таксама запрашэньні тром краінам ня прыйдуць і на зімовыя Алімпійскія гульні, што адбудуцца ў італьянскай Картына-д’Ампэца ў 2026 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт не запрасіў нацыянальныя камітэты Беларусі і Расеі на Алімпіяду ў Парыжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне часткова дазволілі спартоўцам выступаць у спаборніцтвах зь беларусамі і расейцамі