Тэхнічны адміністратар зоны .BY прадае дамэны з «чорнага сьпісу»

Ілюстрацыйнае фота.

Тэхнічны адміністратар зоны .BY «ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» (beCloud) зьняў зь сябе адказнасьць за наступствы набыцьця дамэнных імёнаў на дабрачынным аўкцыёне. Пра гэта кампанія папярэдзіла пакупнікоў у спэцыяльным звароце, піша Reform. by.

Адміністратар паведамляе, што «не нясе адказнасьці за наступствы набыцьця ў выніку аўкцыёну права на рэгістрацыю дамэннага імя, уключанага ў пералік ідэнтыфікатараў інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны» ў адпаведнасьці з пастановай ААЦ, Міністэрства сувязі і Міністэрства інфармацыі ад 3 кастрычніка 2018 году (№ 8/10/6).

Ідзецца і пра заблякаваныя ў Беларусі СМІ. Рашэньне тычыцца і якога-хаця прададзенага на аўкцыёне дамэну, які ёсьць «ідэнтыфікатарам інфармацыйнага рэсурсу, уключанага ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады спынілі справу супраць дзевяці фігурантаў «справы Tut.by»

Звычайны карыстальнік, піша Reform. by, ня мае доступу да сьпісу заблякаваных дамэнаў, і патэнцыйны пакупнік ня можа загадзя ведаць, ці дамэн «таксычны». Колькасьць такіх дамэнаў у Беларусі імкліва расьце, а валоданьне такім актывам можа пацягнуць і крымінальную адказнасьць.

Найбліжэйшы аўкцыён адбудзецца 14 жніўня. У сьпісе на продаж 1244 дамэнныя імя. Усе атрыманыя сродкі (за выняткам кошту рэгістрацыі дамэнаў) будуць накіраваныя на падтрымку дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, паведаміў beCloud.

  • Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнту Беларусі выпцсьціў загад ад 25 жніўня 2021 году № 138, паводле якога з 1 студзеня 2022 году функцыі тэхнічнага адміністратара перайшлі да СТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі».
  • Перад гэтым 10 гадоў тэхнічным адміністратарам нацыянальнай дамэннай зоны было ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster. by). Кампанія адказвала за працу нацыянальнай дамэннай зоны .BY і .БЕЛ: ад падтрымкі рэестру і DNS-сэрвэраў да правядзеньня дабрачынных аўкцыёнаў дамэнаў.
  • Раніцай 18 траўня 2021 году ў офісы Tut.by і Hoster.by прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Пазьней стала вядома, што ДФР распачаў супраць службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). У красавіку 2023 году справу закрылі.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.