«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі сайт «Кошту ўраду» і інтэрнэт-старонкі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў

Рашэньнем суду Савецкага раёну Менску ад 7 жніўня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны інтэрнэт-рэсурс «Кошт ураду».

Гэта вынікае з абноўленага адпаведнага сьпісу на сайце Міністэрства інфармацыі.

«Кошт ураду» — праект, які расказвае пра беларускую эканоміку. Заснавальнікам і кіраўніком рэсурсу зьяўляецца выпускнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце і Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Уладзімер Кавалкін.

8 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тэлеграм-канал і лягатып ініцыятывы «Альянс расьсьледавальнікаў Беларусі». Раней адпаведны статус прысвоілі ютуб-каналу праекту, які займаецца журналісцкімі расьсьледаваньнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працуем на карысьць беларускай студэнцкай рэвалюцыі». ЗБС расказвае, дзе шукаць дапамогі рэпрэсаваным студэнтам і выкладчыкам

4 жніўня гэты ж суд надаў «экстрэмісцкі» статус ініцыятыве «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў». Размова ідзе аб сайце студэнцкай супольнасьці, ютуб-канале, тэлеграм-канале, старонках у «Фэйсбуку», «Твітэры», «Інстаграме» і «УКантакце», а таксама аб лягатыпе аб’яднаньня.

Аналягічнае рашэньне суд у Баранавічах прыняў 4 жніўня ў дачыненьні да тэлеграм-каналу «Apeikin. Спорт, палітыка ды рок-н-рол», які вядзе выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці Аляксандр Апейкін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гульні краінаў СНД на ўзроўні турыстычнага зьлёту альбо раённых спаборніцтваў, — Апейкін

У той жа дзень рашэньнем суду Ленінскага раёну Берасьця такі ж статус нададзены старонцы ініцыятывы «Рабочы рух» у TikTok.

Акрамя гэтага, рознымі судовымі інстанцыямі ў пачатку жніўня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя тэлеграм-каналы «Орша Восточка», «Вольны Захад TUT», Volny Belarus, «Вот так дела», а таксама TikTok-старонкі merchfreеdom, nastassia.rouda (дырэктаркі выданьня «Наша ніва» Насты Роўды), hajtaktv.