«Вёрстка»: У 2022 годзе ў Расеі адбылася рэкордная за 10 гадоў колькасьць выбухаў, пацярпелі больш за 10 тысяч чалавек

Выбух на Крымскім мосьце, кастрычнік 2022 году

У Расеі ў 2022 годзе адбылася самая вялікая за дзесяць гадоў колькасьць выбухаў — 83, паведамляе выданьне «Вёрстка», спасылаючыся на дадзеныя штогадовага дакладу МНС Расеі.

Летась, паводле зьвестак МНС Расеі, узрываліся жылыя дамы, склады і шахты. У статыстыку таксама патрапіў выбух на Крымскім мосьце. У выніку гэтых выбухаў загінулі 55 чалавек, яшчэ 10647 чалавек пацярпелі.

Самая распаўсюджаная прычына выбухаў у 2022 годзе — выбухованебясьпечныя прадметы (ракеты, гранаты, бомбы і міны). З гэтай прычыны адбылося 55 выбухаў з 83. Рост колькасьці выбухаў у 2022 годзе, як адзначае выданьне, наўпрост зьвязаны з баявымі дзеяньнямі.

Пры гэтым у пэрыяд з 2013 па 2022 гады МНС штогод фіксавала ня больш за 20 выбухаў, а колькасьць пацярпелых вылічалася сотнямі, а ня тысячамі. Самая вялікая колькасьць пацярпелых у гэты пэрыяд была зафіксаваная ў 2017 годзе. Тады здарыліся, у прыватнасьці, тэракт у мэтро Санкт-Пецярбурга, у выніку якога загінулі 16 чалавек, а таксама выбух дзевяціпавярховага дома ў Іжэўску з прычыны ўцечкі газу, тады загінулі 6 чалавек, нагадваюць журналісты «Вёрсткі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскву зноў атакавалі дроны, два зь іх патрапілі ў вежы «Масква-Сіці»