9 жніўня Канада пашырыла санкцыі супраць афіцыйнага Менску ў адказ на парушэньні правоў чалавека і саўдзел расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Як паведаміла Міністэрства замежных спраў Канады, санкцыі ўвялі супраць 9 фізычных і 7 юрыдычных асобаў.
Санкцыйны сьпіс папоўнілі:
- Дабрачынны фонд імя Аляксея Талая,
- Міністэрства абароны Беларусі,
- Холдынг БелОМА,
- ТАА «Абаронныя ініцыятывы»,
- АТ «Завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня»,
- ТАА «АТЭ — Інжынірынг»,
- Унутраныя войскі МУС Рэспублікі Беларусь.
У сьпіс фізычных асобаў, супраць якіх увялі санкцыі, увайшлі:
- Алена Літвіна, судзьдзя Ленінскага раёну Менску,
- Алег Каразей, у 2020-ым начальнік упраўленьня прафіляктыкі МУС
- Аляксей Талай, праўладны грамадзкі дзеяч, паралімпіец, яго лічаць датычным да вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі
- Аляксандар Крывец, палкоўнік, камандзір 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы,
- Іван Эйсмант, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі,
- Уладзімер Каранік, старшыня Горадзенскага аблвыканкаму,
- Ганна Пушкарова, блізкая сяброўка паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана, якая дапамагае яму весьці бізнэс,
- Сяргей Шэйман і Вольга Шэйман, дзеці Віктара Шэймана.
«Сёньняшнія санкцыі ўводзяцца паралельна з аналягічнымі дзеяньнямі аднадумцаў і саюзьнікаў, у тым ліку ЭЗ, ЗША, Вялікай Брытаніі і Новай Зэляндыі. Канада будзе працягваць працаваць са сваімі партнэрамі, каб галасы народа Беларусі былі пачутыя, і каб прыцягнуць да адказнасьці тых, хто нясе адказнасьць за падрыў дэмакратыі, задушэньне свабоды СМІ, парушэньне правоў чалавека і падтрымку жорсткай агрэсіўнай вайны Пуціна супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве МЗС Канады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белавія» і Менскага заводу цывільнай авіяцыі. Хто яшчэ апынуўся пад санкцыямі- 9 жніўня новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўвялі ЗША. У санкцыйны сьпіс увайшлі авіякампанія «Белавія», Менскі завод цывільнай авіяцыі, Беларускі мэталюргічны завод і Дэпартамэнт фінансавых расьследаваньняў КДК. Таксама пад санкцыі трапіў самалёт «Белавія», якім, сярод іншага, карыстаюцца Віктар і Дзьмітры Лукашэнкі, а таксама 8 фізычных асобаў: дырэктар ДФР КДК і ягоныя намесьнікі, гендырэктар ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“», сыны і жонка бізнэсоўца Алексіна.