Большасьць судзьдзяў — жанчыны (715; 63%). Ва ўзросьце ад 30 да 40 гадоў 274 судзьдзі (24%), ад 40 да 50 — 422 (38%), ад 50 да 60 — 308 (27%).
74 судзьдзі дасягнулі ўзросту старэйшага за 60 гадоў (6,6%), а 48 яшчэ няма 30 (4,3%).
У Вярхоўным судзе працуе 60 судзьдзяў, з іх 26 жанчын (43%).
У дачыненьні да больш як 150 судзьдзяў (каля 13% ад агульнай колькасьці), паводле зьвестак Вярхоўнага суду, уведзены розныя санкцыі замежных дзяржаў.
3 жніўня ЭЗ увёў новыя абмежавальныя меры ў адносінах да 38 чалавек, у тым ліку 19 судзьдзяў. Сярод іх судзьдзі Менскага гарадзкога суду Пётр Арлоў, Валянціна Зянкевіч, судзьдзі суда Маскоўскага раёна Менска Сьвятлана Бандарэнка, Сяргей Хрыпач, Тацьцяна Пірожнікава.
У дакладзе Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub «Адказнасьць за злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі: фактычныя дадзеныя і прававы аналіз» асаблівая роля ў перасьледзе грамадзян па палітычных матывах адводзіцца пракурорам і судзьдзям.
Адзначаецца, што са жніўня 2020 года судзьдзі сталі «проста выконваць рашэньні сьледчых і супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бясьпекі аб неабходнасьці пачатку расьсьледаваньня, а таксама аб затрыманьні, прад’яўленьні абвінавачаньня і асуджэньні да пазбаўленьня волі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пост у сацсетках — «пікет», аўтара — пад суд. Ува што ператварылася Канстытуцыя ў Беларусі