На гэта зьвярнула ўвагу выданьне kv.by. Прэс-служба ПВТ пакуль не аб’явіла аб новым кіраўніку афіцыйна, але абазнаныя крыніцы паведамілі, што рашэньне прынята яшчэ на мінулым тыдні.
Афіцыйны камэнтар ад Парку выданьню атрымаць не ўдалося. Імя ранейшага дырэктара ПВТ Усевалада Янчэўскага зьнікла з старонкі «Кіраўніцтва». Пра яго прызначэньне на якую-небудзь іншую пасаду нічога не паведамлялі.
Партал «Зеркало» адзначае, што, магчыма, зьмена зьвязаная з рэарганізацыяй ПВТ, прадугледжанай красавіцкім указам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ўказу, у Парку высокіх тэхналёгій зьявіцца новая кіроўная кампанія. Яна павінна замяніць адміністрацыю ПВТ, якую вырашылі далучыць да сакратарыяту Назіральнай рады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва ПВТ упэўненае, што «з ІТ усё ОК». Але лічбы кажуць адваротнаеАляксандар Базанаў скончыў Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Працаваў на розных пасадах у КДБ, дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі Беларусі, МЗС і апараце Савету міністраў Беларусі. Зь лістапада 2010 году працаваў дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі Лукашэнкі.
18-гадовы Ўсевалад Янчэўскі быў наймаладзейшым сябрам каманды Аляксандра Лукашэнкі на яго першых прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля таго як той перамог, стаў адным з кіраўнікоў моладзевай арганізацыі «Прямое действие». У 1997 годзе большая частка сяброў гэтай структуры на чале зь Янчэўскім перайшла ў створаны ў падтрымку Лукашэнкі Беларускі патрыятычны саюз моладзі. У 2000 годзе ён стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. З 2005 па 2007 год працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Планета», які выдаецца «Белтрансгазам».
У 2008 годзе Янчэўскага прызначылі памочнікам Аляксандра Лукашэнкі — начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта. Празь некалькі гадоў Лукашэнка даручыў яму адказваць за сфэру інфарматызацыі і высокіх тэхналёгіяў, што ў 2017 годзе прывяло Ягчэўскага на пасаду кіраўніка ПВТ замест звольненага Валера Цапкалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «палітыка ня наша справа» да «пакінем абедзьве краіны». Як ІТ-кампаніі сыходзяць зь Беларусі