Прадстаўнік ЭЗ: Вучэньні Беларусі на мяжы з Польшчай — правакацыя, якую трэба разглядаць у кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны

Беларуска-літоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Эўрапейскі Зьвяз ацэньвае вайсковыя вучэньні, якія Беларусь праводзіць на мяжы з Польшчай, як правакацыю, — заява афіцыйнага прадстаўніка Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Пэтэра Станы на брыфінгу 8 жніўня.

«Нелегітымны рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі ўжо не зьдзіўляе тым, што гатовы ўдзельнічаць у любой правакацыі на ўказаньне Расеі, — сказаў ён. — Лукашэнка здаў сувэрэнітэт Беларусі Расеі. То бо гэтыя вайсковыя вучэньні трэба разглядаць у кантэксьце таго, што Расея вытварае супраць Украіны, спрабуючы гуляць цягліцамі, запалохаць суседзяў, паказаць, што яна яшчэ ў змозе працягваць свае незаконныя дзеяньні супраць Украіны».

На пытаньне, ці адкажа ЭЗ на гэта новымі санкцыямі, Стана адказаў, што працэдуры ўвядзеньня абмежавальных захадаў канфідэнцыйныя.

  • 7 жніўня на «ўчастках мясцовасьці ў Горадзенскай вобласьці» і Госкім палігоне непадалёк ад мяжы з Польшчай і Літвой пачаліся камандава-штабныя вучэньні з 6-й асобнай мэханізаванай брыгадай, якая дысьлякуецца ў Горадні. Прэс-служба Міністэрства абароны паведаміла, што падчас манэўраў «будуць адпрацаваныя пытаньні кіраваньня падразьдзеламі падчас вядзеньня баявых дзеяньняў». Было заяўлена, што вучэньні грутнуюцца на прыкладзе баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.
  • У адказ на гэта міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак распарадзіўся накіраваць дадатковыя сілы на патруляваньне мяжы зь Беларусьсю.
  • Вучэньні праводзяцца ў часе сур’ёзнай вайскова-палітычнай напружанасьці паміж Беларусьсю і суседнімі краінамі ЭЗ. Улады Польшчы і краін Балтыі заяўляюць пра рост пагрозы правакацыяў на мяжы з увагі на разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі наймітаў расейскай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Для абароны сваіх межаў гэтыя эўрапейскія дзяржавы павялічваюць вайсковы патэнцыял на мяжы зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Літвы падрыхтаваў праект пастановы аб закрыцьці з 15 жніўня двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю